“Хочаце праводзіць “Еўрапейскія гульні” – вызваляйце палітвязняў!”

09 лютага 2019 13:27  |  Палітыка

 

У Мінску прайшоў Форум “Свабоду палітвязням!”, прысвечаны кампаніі салідарнасці з арыштаванымі апанентамі кіруючага рэжыму.

Прадстаўнікі партыяў, рухаў, праваабарончых арганізацыяў прынялі рашэнне распачаць кампанію за вызваленне беларускіх палітычных вязняў да Еўрапейскіх гульняў, прызначаных на чэрвень 2019 года.

Удзел у Форуме прынялі сустаршыня БХД Павел Севярынец, кіраўнік АГП Мікалай Казлоў, кіраўнік мінскай арганізацыі БСДПГ Аляксей Сігаеў, прадстаўнікі Маладога Фронту Піліп Шаўроў, беларускага анархісцкага руху Мікалай Дзядок, “Еўрапейскай Беларусі” Лявон Кулакоў, кіраўніца праваабарочай арганізацыі “За волю” Ганна Шапуцька, старшыня “Тайм-акт” Васіль Завадскі, актывістка Ніна Багінская ды іншыя.

“На 30 студзеня 2019 года ў Беларусі налічваецца восем палітычных вязняў, сярод якіх Міхаіл Жамчужны, Алесь Юркойць, Святаслаў Барановіч ды іншыя” – гаворыцца ў рэзалюцыі Форуму.

“Паводле палітычных крымінальных прысудаў адбываюць “хатнюю хімію” лідэры незалежнага прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік. Пад крымінальным следствам  рэдактар парталу “Тут.бай” Марына Золатава,  актывісты анархісцкага руху Зміцер Паліенка ды Яўген Чуліцкі, а таксама грамадская актывістка Анастасія Гусева.

Пагрозы крымінальнага пераследу рэгулярна выказваюцца на адрас Змітра Паліенкі і старшыні Маладога Фронту Дзяніса Урбановіча.

Ідзе пераслед журналістаў незалежнага тэлеканала “Белсат” і радыё “Рацыя”, перакрываецца доступ да парталу “Хартыя-97”.

Тым часам рэжым праводзіць шматлікія перамовы на высокім узроўні з еўрапейскімі палітыкамі, атрымлівае запрашэнні ў еўрапейскія сталіцы, рыхтуе “Еўрапейскія гульні”.

Мы лічым ганебным становішча, калі прадстаўнікі дэмакратычных дзяржаваў ігнаруюць факт наяўнасці палітычных вязняў і рэпрэсіяў у Беларусі.”

Удзельнікі Форума вылучылі наступныя патрабаванні:

Мы патрабуем вызвалення Святаслава Барановіча, Алеся Юркойця, Міхаіла Жамчужнага і іншых палітвязняў, адмены неправасуднага палітычна матываванага прысуду лідэрам незалежнага прафсаюза РЭП Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку.

Мы патрабуем спынення крымінальнага і адміністрацыйнага пераследу актывістаў і журналістаў, адмовы ад блакавання незалежных сайтаў.

Мы патрабуем адмены “Закону аб супрацьдзеянні экстрэмізму”, які выкарыстоўваецца дзеля палітычных рэпрэсіяў супраць іншадумцаў, актывістаў і дысідэнтаў.

Мы заклікаем урады еўрапейскіх краінаў, еўрапейскіх палітыкаў і праваабаронцаў аказаць ціск на рэжым Лукашэнкі, каб вызваліць палітычных вязняў і спыніць рэпрэсіі супраць дэмакратычнага руху, прафсаюзаў ды незалежнай  прэсы.

Калі да пачатку “Еўрапейскіх гульняў” палітвязні не будуць вызваленыя і не спыняцца рэпрэсіі – прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці і сваякі палітвязняў будуць праводзіць акцыі пратэсту падчас саміх гульняў”, – гаворыцца ў заяве Форума.

Болей навін