Лідары Правацэнтрысцкай кааліцыі ўзялі ўдзел у пратэстах супраць акумулятарнага завода ў Берасці

17 лютага 2019 13:04  |  Галоўныя навіны

Лідары Правацэнтрысцкай кааліцыі ўзялі ўдзел у пратэстах супраць акумулятарнага завода ў Берасці

 

Лідары Правацэнтрысцкай кааліцыі Віталь Рымашэўскі, Юрась Губарэвіч і Мікалай Казлоў 17 лютага ўзялі ўдзел у акцыі пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага завода ў Берасці. Палітыкі прыехалі ў горад, каб падтрымаць берасцейцаў і выказаць сваю салідарнасць з тымі, хто быў кінуты ў засценкі за ўдзел у пратэстах.

«Больш за год цягнуцца пратэсты жыхароў Брэста. Улады адказваюць рэпрэсіямі, але ад гэтага людзей, якія выходзяць штонядзелю а 12:00 на цэнтральную плошчу горада карміць галубоў, не робіцца менш. Па сутнасці, у Беларусі бяздарнымі дзеяннямі чыноўнікаў рыхтуюцца мініэкалагічныя катастрофы па ўсёй краіне. Патэнцыйныя мінічарнобылі – гэта акумулятарны завод у Берасці, гэта завод у Светлагорску, у Гомелі, Магілёве, Пінску. Гэта знішчэнне Менска бяздарным ушчыльненнем. Гэтая праблема агульнанацыянальная, і сёння на парадку дня стаіць пытанне, ці застануцца нашы беларускія гарады прыдатнымі для жыцця будучых пакаленняў. І ў Берасці актывісты змагаюцца не толькі за свой горад: яны сёння на перадавой барацьбы за здаровую будучыню ўсяго будучага пакалення ўсёй краіны», – адзначыў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.

Ён падкрэсліў, што Беларускія хрысціянскія дэмакраты і Правацэнтрысцкая кааліцыя будуць салідарныя з пратэстуючымі і зробяць усё магчымае, каб падтрымаць і абараніць людзей. «Мы заклікаем усе палітычныя партыі, грамадскія арганізацыі і экалагічныя ініцыятывы аб’ядноўвацца для таго, каб разам супрацьстаяць карупцыі, бесчалавечнаму стаўленню да людзей і знішчэнню беларускай экалогіі», – заявіў сустаршыня БХД.

Два тыдні таму Віталь Рымашэўскі і дэпутат Ганнай Канапацкай сустракаліся з прадстаўнікамі ініцыятыўнай групы берасцейцаў і таксама былі на плошчы. «Сёння мы прыехалі з лідарамі Правацэнтрысцкай кааліцыі, з маімі калегамі, каб разам падтрымаць берасцейцаў», – дадаў ён.

Болей навін