Заява Правацэнтрысцкай кааліцыі з нагоды незаконных затрыманняў і ўтрымання пад вартай палітычных лідараў і актывістаў
Правацэнтрысцкая кааліцыі асуджае затрыманне і незаконнае ўтрыманне пад вартай сустаршыні БХД Паўла Севярынца, а таксама актывістаў Дзмітрыя Паліенкі, Насты Гусевай, Леаніда Кулакова, Арцёма Чарненкі, Вольгі Нікалайчык і Маі Навумавай.
Затрыманне і ўтрыманне пад вартай грамадзян Беларусі за ўдзел у мірным сходзе з’яўляецца грубым парушэннем правоў чалавека і Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Мы абураныя тым, што Паўла Севярынца, Дзмітрыя Паліенку і Анастасію Гусеву затрымалі без усялякіх прычынаў да пачатаку акцыі пратэсту. Іх сваякі і калегі цягам дня не мелі інфармацыі аб іх месцазнаходжанні.
Таемныя затрыманні і адсутнасць інфармацыі аб іх месцазнаходжанні на працягу дня 27 лютага можна прыраўняць да выкрадання палітычных актывістаў, бо сілавымі структурамі, якія здзейснілі захоп і ўтрыманне людзей у невядомым месцы, не былі забяспечаныя іх элементарна правы.
Звяртаем увагу праваабаронцаў і міжнароднай супольнасці на тое, што ўпершыню беларускія ўлады ўжылі рэпрэсіўнае заканадаўства, калі без суда і следства затрыманых па адміністрацыйных справах людзей трое сутак трымаюць у жудасных умовах без прад’яўлення якіх-небудзь абвінавачванняў і без магчымасці мець зносіны са сваякамі альбо адвакатамі, без доступу да правасуддзя.
Заклікаем беларускія ўлады неадкладна спыніць спробу раскручвання чарговага вітка рэпрэсій супраць палітыкаў і грамадзянскай супольнасці Беларусі.
Патрабуем спынення рэпрэсій і неадкладнага вызвалення ўсіх незаконна затрыманых.
Віталь Рымашэўскі, сустаршыня БХД
Юрый Губарэвіч, старшыня “Руху за свабоду”
Мікалай Казлоў, в. а.старшыні АГП