Вось табе і маеш…
“Аддзяленне міліцыі з’явілася ў мікрараёне Білева. Патрэба ў ім тлумачыцца тым, што Білева – “крайняя кропка Першамайскага раёну і знаходзіцца на значнай адлегласці ад аддзелу ўнутраных спраў”. Новае аддзяленне будзе функцыянаваць у структуры Першамайскага РАУС, піша афіцыйны сайт УУС Віцебскага аблвыканкаму “…Пра гэта паведамляе сайт “Віцебская Вясна”. Яшчэ вядома, што працоўнымі месцамі ў гэтым аддзяленні будуць забяспечаны 8 участковых і 5 супрацоўнікаў крымінальнага вышуку.
Адкрыццё аддзялення прайшло ўрачыста, з чырвонай лентай, з высокімі міліцэйскімі чынамі, з абавязковым акрапленнем удзельнікаў імпрэзы святой вадой. І яно будзе знаходзіцца ў Білева-3, на вуліцы33-й Арміі.
Між тым даўным-даўно абяцаных медыцынскіх офісаў для жанчын і дзетак (замест адмысловых аддзяленняў абяцанага яшчэ ў2010 годзе паліклінічнага комплексу) тут так жа ўрачыста ніяк не адкрыюць чыноўнікі ад медыцыны сп. С.І.Цітовіч і Ю.М. Дзеркач… Па апошніх сведчаннях, жанчынам з Білева ў кансультацыю прыйдзецца дабірацца аж на Поўдзень-7. Абяцанкі адкрыць у Білева хаця б яшчэ гэтыя 2 (жаночы і дзіцячы), офісы Юрася Дзеркача заблыталіся ў іх колькасці, і, пэўна, зніклі з памяці кіраўніка Віцебскага абласнога ўпраўлення аховы здароўя…
Ну, а аддзяленне міліцыі – гэта ж не хухры-мухры, гэта наш пакой і гарантыя бяспекі. Мікрараён новы, праблем хапае, бадзяюцца розныя асацыяльныя элементы…
Як не даходзіць да кіраўніцтва горада, як, дарэчы, і дзяржавы, што самая надзейная гарантыя бяспекі – гэта забеспячэнне людзей працай з прыстойным заробкам, гэта перш за ўсё адначасовая з новымі мікрараёнамі забудова інфраструктуры: школы, медыцынскія ўстановы, садкі для дзетак, стадыёны, спартыўныя залі, творчыя майстэрні, бібліятэкі? Гэта клопат пра людзей… Не дэкларацыі, а сапраўдны клопат!
Калі ж у дзяржавы словы разыходзяцца са справамі, калі першачарговыя клопаты і бюджэтныя грошы ўкладаюцца ў няўцямныя рамонты аблвыканкамаўскіх сядзіб, дзвярэй, набыццё “членавозаў”,новых палацаў-рэзідэнцый, шматмільённага ў даляравым эквіваленце Вярхоўнага суда, мільённых прыбіралень і фантанаў, якія яшчэ і не працуюць – уяўляеце(?) макет прыбіральні ці фантаны коштам кожны ў мільён даляраў – то, канешне, да кожнага жыхара Білева, чытай- Беларусі, ад немаўля пачынаючы, трэба прыставіць надзірацеля з дубінкай…
Перавярніцеся, спадарства, з галавы на ногі! Прычыны і следствы правільна пралічыце!
Так думаю і бачу. Так думаем і бачым мы, сябры аргкамітэта БХД, актывісты ініцыятыў “За якасную медыцыну для ўсіх”, “Віцебск – горад наш”, дзякуючы якім з’явіўся ў Білева першы медыцынскі офіс, дабудавалася паліклініка на Поўдні-7А, з’явіўся ў Білева трэці дзіцячы садок і будуецца школа. А аддзялення міліцыі мы не заказвалі)))
Таццяна Севярынец