Круглы стол „Дэалкагалізацыя Беларусі і рэформа аховы здароўя”

03 лютага 2019 23:50  |  Грамадства

Круглы стол „Дэалкагалізацыя Беларусі і рэформа аховы здароўя”

 

У межах працы беларуска-шведскай пляцоўкі «Паглыблены дыялог» 2 лютага ў Гародні адбыўся круглы стол  „Дэалкагалізацыя Беларусі і рэформа аховы здароўя” з удзелам прадстаўнікоў партыі БХД, партыі «Зялёныя», ПБНФ, БСДП (Грамада) і Руха за свабоду.

Удзельнікі круглага стала абмеркавалі ў дыскусіі недахопы  ў стратэгіі змагання з алкагалізмам жыхароў краіны, а таксама – шляхі  змяншэння колькасці аматараў „зялёнага змея”, паведамляе Радыё Рацыя.

Кажа ўдзельнік круглага стала, намеснік старшыні партыі БНФ Вадзім Саранчукоў:

– Людзі ўсе розныя. Хтосьці стойкі, нехта больш не вытрымлівае. Алкаголь, напэўна, прытупляе гэтую безвыходнасць, і таму нібыта з’яўляецца шляхам выйсця са складанай жыццёвай сітуацыі, якая, у прынцыпе, зараз апанавала ўвесь горад. Напэўна ў ніводнага народа няма такой традыцыі нямеранага ўжывання алкагольнай прадукцыі. Забароны не будуць працаваць. Але казаць пра тое, што ёсць традыцыя беларусаў ужываць нейкія алкагольныя напоі… Няма такой традыцыі.

Статыстыка па ўжыванню алкаголя па краіне не змяншаецца, а спробы абмежаваць продаж алкаголю не даюць эфекту. Таму задача, якая стаіць перад грамадствам і перадусім перад чыноўнікамі міністэрстваў аховы здароўя, унутраных справаў, спорту і турызму – яна комплексная.

Кажа сустаршыня БХД Вольга Кавалькова:

– Тэма гэтая абраная невыпадкова. Само Міністэрства ўнутраных спраў і ўлада ўжо некалькі гадоў вядуць перамовы з іншымі міністэрствамі, каб прыняць нейкія меры, нейкія захады па абмежаванні продажу алкаголю. І ёсць дзяржаўная праграма, у якой гэтыя меры прапісаныя. У 2016 годзе ў Менску спрабавалі абмежаваць час продажу алкаголю. А затым у кожнай з вабласцей таксама паспрабавалі ўвесці абмежаванні. Але яно пратрымалася толькі пару дзён, пакуль кіраўнік краіны сваім выступам яго не адмяніў.

Беларусь, паводле статыстыкі, ужо ў два разы перавысіла норму спажывання алкаголю з разлікам на адну асобу. Паводле меркавання сусветнай арганізацыі аховы здароўя, беларуская нацыя дэградуе. Вынікам круглых ” антыалкагольных” сталоў, якія пройдуць ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі, будзе зварот да заканадаўцаў ад грамадзянаў. Гародня – першы абласны цэнтар, дзе прайшоў такі круглы стол.

Болей навін