Начальнік абласнога ўпраўлення культуры не змог патлумачыць адмову надаць бібліятэцы імя Васіля Быкава

21 сакавіка 2019 10:11  |  Грамадства

Начальнік абласнога ўпраўлення культуры не змог патлумачыць адмову надаць бібліятэцы імя Васіля Быкава

 

19 сакавіка актывісты БХД, сябры ініцыятывы “Віцебск – горад наш” наведалі афіцыйныя ўстановы горада: абл- і гарвыканкам. У аблвыканкаме прайшла гадзінная сустрэча з начальнікам абласнога ўпраўлення аховы здароўя Юрыем Дзеркачом, з якім абмеркавалі шэраг праблем медыцынскага характару.

“Нам паўтарылі, што ў мікрараёне Білева ўсё ж адкрыюць і дзіцячую, і жаночую амбулаторыі, што падумаюць пра транспарт для жыхарак Білева ў новую кансультацыю на Поўдні-7А, што рамонт кардыялогіі №1 запланаваны на 2020. год і г.д. Таксама шмат больш дробных і адрасных праблем, якія, дарэчы, заўсёды вырашаюцца, за што мы ўдзячныя кіраўніку”, – адзначыла каардынатар БХД Віцебшчыны Таццяна Севярынец.

З начальнікам абласнога ўпраўлення культуры Пятром Падгурскім размовы не атрымалася. Ніяк ён не змог патлумачыць, чаму для яго меркаванні амаль паўтысячы віцеблян, што падпісалі зварот і петыцыю аб перайменаванні абласной бібліятэки Леніна і наданні ёй імя Васіля Быкава, – пыл і драбяза.

“Ленін – кумір Падгурскага, што тут зробіш… Але мы запісаліся на прыём да больш высокага начальства. Будзем шукаць адэкватных кіраўнікоў. Нешта падказвае, што тое будзе нялёгка, бо мы нарэшце літаральна вычапілі інвестыцыйную праграму горада ў гарвыканкаме і першым пунктам у ёй… Палац шлюбу”, – заявіла Таццяна Севярынец.

Болей навін