БХД патрабуе спыніць знішчэнне Курапатаў і аднавіць крыжы

04 красавіка 2019 19:06  |  Галоўныя навіны

БХД патрабуе спыніць знішчэнне Курапатаў і аднавіць крыжы

 

Беларускія хрысціянскія дэмакраты патрабуюць неадкладна спыніць незаконнае знішчэнне нацыянальнага мемарыялу Курапаты.

Знос крыжоў з’яўляецца часткай адной рэпрэсіўнай кампаніі, якая пачалася з пераследу незалежнага прафсаюзу РЭП, затым незалежных журналістаў па “справе БЕЛТА”, з крымінальных спраў у дачыненні да блогераў Пятрухіна і Кабанава, ціску і крымінальнага пераследу арганізатараў пратэстаў супраць акумулятарнага завода ў Брэсце, незаконных затрыманняў лідараў і актывістаў падчас Дня Волі 24-га і 25 сакавіка.

Махавік рэпрэсій, якія разгарнулі беларускія ўлады, сее варожасць у беларускім грамадстве, дыскрэдытуе Беларусь у вачах міжнароднай супольнасці. Наступствы масіраванай рэпрэсіўнай кампаніі могуць правакаваць і сацыяльныя выбухі падчас наступных электаральных кампаній.

Мы патрабуем неадкладна спыніць рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці. Спыніць знішчэнне мемарыялу Курапаты, аднавіць зняважаныя крыжы.

Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі так пракаментаваў сітуацыю:

«Складваецца ўражанне, што ў расейскага пасла і спецпрадстаўніка Пуціна Бабіча ў Беларусі ёсць моцная каманда падтрымкі, якая складаецца з сілавых структур, адказных за планаванне і правядзенне рэпрэсій. Знос крыжоў у Курапатах падчас Вялікага посту ў апошні дзень крыжапаклоннага тыдня, калі ў цэрквах асабліва шануецца крыж, выглядае асабліва блюзнерскім. Супрацьпаставіць гэтай хвалі гвалту беззаконня мы можам толькі нашу салідарнасць. Сёння час абараняць нацыянальную памяць, абараняць людзей, якія знаходзяцца пад атакай рэжыму».

Фота belsat.eu

Болей навін