Да “дзядзькі Язэпа”
У нашай сеньёрскай суполкі зрабіліся традыцыяй культурныя і пазнаваўчыя мерапрыемствы: вечарыны на ТБМ, наведванне спектакляў, сустрэчы з паэтамі, паездкі па Міншчыне. Нядаўна мастак Алесь Марачкін запрасіў нас на адкрыццё юбілейнай выставы ў Палац мастацтваў, прысвечанай 130-годдзю выдатнага творцы.
Язэп Драздовіч (1888 –1954)… Адметны прадстаўнік беларускага космасу, мастак, настаўнік, этнограф, археолаг, пісьменнік. Нарадзіўся на Дзісеншчыне (цяпер – Глыбоцкі раён), азы мастацтва спасцігаў у Вільні. Фельчарам удзельнічаў у Першай сусветнай вайне, нейкі час настаўнічаў у Мінску. Пасля падзелу Беларусі вярнуўся ў Заходнюю: выкладаў маляванне ў школах і гімназіях, супрацоўнічаў з музеямі, ствараў культурныя асяродкі. Вынікам вандровак па краі сталі альбомы графікі. У яго графічных малюнках паўстаюць не толькі абшары роднай зямлі, але і “візіі” розных планет. У сваім дзённіку мастак распавядаў пра цяжкасці беспрытульнага існавання ў апошнія гады жыцця.
Намаганнямі А.Марачкіна знойдзена і захавана больш дзесятка дываноў “дзядзькі Язэпа”, некалькі іх захоўваецца ў Заслаўскім краязнаўчым музеі.
Галіна Каржанеўская