БХД патрабуе спыніць пераслед праціўнікаў заводу АКБ у Берасці

05 красавіка 2019 13:08  |  Галоўныя навіны

БХД патрабуе спыніць пераслед праціўнікаў заводу АКБ у Берасці

 

Беларускія хрысціянскія дэмакраты патрабуюць спыніць рэпрэсіі супраць абаронцаў акумулятарнага завода ў Берасці.

Мы абураныя фактамі беспадстаўнага крымінальнага пераследу Аляксандра Кабанава і Сяргея Пятрухіна, Майсея Мазько і яго сына, кінутых без суда за краты, а таксама пераследу Ігара Зубіка, якога сёння выклікалі ў РАЎС, Таццяны Фесікавай, якую зранку пераследуюць невядомыя людзі ў цывільным, і іншых лідараў пратэсту супраць будаўніцтва заводу АКБ.

Пратэсты супраць будаўніцтва АКБ ў Берасці – прыклад мужнасці і грамадзянскай актыўнасці беларусаў. Берасцейскія грамадскія актывісты, арганізуючы акцыі пратэсту, абараняюць права на бяспечную будучыню ўсіх жыхароў Берасця.

Мы цалкам падтрымліваем іх патрабаванні спыніць будаўніцтва завода, якое вядзецца ў парушэнне шматлікіх нормаў экалагічнай бяспекі. Патрабуем неадкладнага спынення ўсіх формаў рэпрэсіі і ціску ў дачыненні да лідараў і актывістаў пратэсту.

Як адзначыў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі:

“Берасцейскія актывісты абараняюць права на бяспечнае пражыванне ў горадзе для ўсіх яго жыхароў, у тым ліку тых, хто сёння знаходзіцца ва ўладзе, хто займаецца незаконным пераследам абаронцаў Берасця. Улада, якая замест дыялогу з грамадзянамі дзейнічае метадам рэпрэсій, цалкам сябе дыскрэдытуе. Тое, што зараз адбываецца ў Берасці, – пераслед праціўнікаў будаўніцтва АКБ – частка адной вялікай кампаніі супраць грамадзянскай супольнасці і супраць народа Беларусі, якую ўлады разгарнулі напярэдадні выбараў. Я заклікаю ўсіх да адзінства, да салідарнасці і да сумесных дзеянняў у абарону адно аднаго, абарону будучыні Беларусі. Толькі адна вялікая супольная кампанія салідарнасці, якая аб’яднае і абаронцаў Курапат, і абаронцаў Берасця, і сотні іншых ініцыятываў, што змагаюцца супраць беззаконня ўладаў – прынясе поспех”.

Болей навін