У “Хайсах” правялі экскурсію для гасцей з Менску (фота)
7 красавіка сябры віцебскай ініцыятывы “Хайсы”, у якую уваходзяць і сябры БХД, на чале з кіраўніком ініцыятывы Янам Дзяржаўцавым правялі ў лесе пад Хайсамі, на месцах пахаванняў тысяч нявінна забітых там грамадзян Беларусі сталінскімі апрычнікамі, адмысловую экскурсію для маладых людзей з Менску.
З болем у вачах слухалі госці трагічны аповед пра тое, як і з чаго з’явіўся ў гэтым лесе народны мемарыял, наведалі і ўсклалі кветкі на магілах тых, чые імёны былі выкрытыя па знойдзеных тут рэчах, дакументах, сведчаннях.
На пляцоўцы трох крыжоў запалілі знічкі, памаліліся за нявінна забітых. Тут распавяла спадарыня Алена пра сваіх родных – сям’ю Вяржбіцкіх, забітых у гэтым лесе 1 снежня 1937 года, пра хлусню афіцыйных службаў, якія даслалі па запыце даведку, нібыта яны памерлі ад хваробы ў 1943 годзе, а ўжо другая даведка часоў незалежнасці з КДБ засведчыла, што сям’я Вяржбіцкіх была расстраляная пад Віцебскам менавіта 1 снежня 1937 года. Моладзь была ўзрушана праўдай пра падзеі тых дзікунскіх часоў. І зразумелі, чаму Хайсы – гэта Віцебскія Курапаты.
“Гэты лес паступова адкрывае нам свае страшныя тайны. Ініцыятары рыхтуюць фотавыставу са сведчаннямі жудасных знаходак і гісторыю нараджэння праўды пра злачынствы акупантаў з усходу. Адкрыццё выставы плануецца праз месяц, калі будзе сабрана дастаткова сродкаў на яе афармленне. Не забывайма! Не даруйма! Не пускайма больш ворага на сваю зямлю!” – адзначыла лідарка віцебскай БХД Таццяна Севярынец.