Украінскія выбары і беларусы

23.04.2019, 12:29  |  Галоўныя навіны, Блог Віталя Рымашэўскага, Палітыка

 

Украінскія выбары і беларусы

 

 

Вынікі выбараў ва Ўкраіне беларусы каментуюць па-рознаму. Але найбольш здзівіла наіўнасць многіх дасведчаных людзей, што падтрымліваюць тэзу: “Выборы UA показали, что время "профессиональных" политиков прошло”.

Гэта пры тым, што агульнавядома - за Парашэнкам, як і за Зяленскім, стаяць алігархі, групавыя бізнес-інтарэсы, медыі, прафесійныя паліттэхнолагі… Змяніўся толькі тыпаж вобраза кандыдата, за якога гатовыя аддаваць галасы выбарцы - нічога болей. І гэта ўпісваецца ў агульнаеўрапейскую тэндэнцыю росту папулізму. Але, “і гэта пройдзе...”

Можна зразумець расчараванне палітыкамі і, адпаведна, палітыкай насельніцтва постсавецкіх краін. І ў Беларусі за 25 гадоў і ўлада, і апазіцыя так шмат расчароўвалі.

Вось толькі прычына гэтага расчаравання не ў «прафесійнай палітыцы», а як раз у зваротным - у адсутнасці прафесіяналізму. У тым, што палітыкай у нашай краіне займаюцца аматары, якія вучацца з цяжкасцю. У Беларусі дагэтуль палітыка знаходзіцца на дылетанцкім узроўні.

Прыклад прафесійнай палітыкі - палітычная сістэма Германіі, Вялікабрытаніі, ЗША... І да гэтага ўзроўню трэба імкнуцца і доўга ісці. Прафесійная палітыка - адна з самых складаных сфер сучаснай чалавечай дзейнасці. Бо палітыка - гэта складаная сістэма шматузроўневых сувязяў паміж грамадзянамі, паміж рознымі групамі інтарэсаў, экспертамі, іншымі дзяржавамі... Гэта пры ўмове, што палітыка - прафесійная.

Палітыка - гэта складана і гэта тое, чаму трэба вучыцца.

У Беларусі ж, на жаль, па-ранейшаму дамінуе дылетанцкі погляд, што любую праблему можна вырашыць лёгка і хутка. Беларусы па-ранейшаму вераць у тое, што «прыйдзе хтосьці светлы і чысты, рассячэ гэты Гордзіеў вузел, зробіць рэвалюцыю / рэформы / перамены за ўсё добрае супраць усяго дрэннага, адбярэ ўсё ў злых злачынцаў і раздасць добрым прыніжаным, - і будзе ўсім шчасце”. І гэта нішто іншае, як ментальная парадыгма СССР, адлюстраванне аўтарытарнай свядомасці: ускладанне ўсёй адказнасці на “чалавека-збаўцу” і гатоўнасці падпарадкоўвацца аўтарытарнаму лідару-кіраўніку... Сумна, што ў шматлікіх прадстаўнікоў інтэлігенцыі і дэмакратычных элітаў - тое ж. І гэта галоўнае, што нас розніць з украінцамі.

Прафесійная палітыка - неад'емная частка жыцця развітога грамадства. Гэта тое, да чаго ісці, калі мы хочам, каб у нашай краіне калі-небудзь усталявалася ўстойлівая дэмакратычная сістэма.

За Украіну ж можна безумоўна парадавацца ў адным: краіна ўпэўнена абрала дэмакратыю. Краіна змагла правесці дэмакратычныя выбары нават ва ўмовах вайны. Гэта галоўнае. І не так важна ў гэтым выпадку, хто прэзідэнт, бо ў дэмакратычнай краіне прэзідэнт - фігура часовая. Палітыкаў мяняюць - дэмакратыя застаецца. Менавіта таму, нягледзячы на тое, што ўкраінцы выбралі папуліста (дакладней проста прагаласавалі супраць дзеючай улады) – Украіна зрабіла крок да пабудовы прафесійнай, устойлівай дэмакратычнай палітычнай сістэмы.

А беларусы, на жаль, замест развіцця крытычнага мыслення, па-ранейшаму радыя самападману...

Віталь Рымашэўскі

Навіны па тэме