Дэпутат ад БХД бароніць лес на Бярозаўшчыне
Сябра БХД, дэпутат сельсага савету Валер Білібуха змагаецца з калгасам, які заворвае дарогі да лесу.
У Бярозаўскім раёне леснікі звярнулі ўвагу, што КУСП “Бярозаўскае” у многіх месцах заворваліся пад’язныя дарогі да лесу. Аналагічна заворваліся і так званыя пажарараздзяляльныя дарогі паміж лесам і полем. А гэта, па словах работнікаў лесу, небяспечна.
Праблем у такім землекарыстанні адразу ж некалькі: парушаецца каранёвая сістэма лесу, знікае пажарараздзяляльная паласа паміж лесам і полем. Бо ў выпадку пажару на поле, ці ў лесе, стыхія лёгка можа перакінуцца з адной часткі на другую.
«Немагчыма нідзе пад’ехаць. Заараныя палі пад самы лес. Раней, вось тут была дарога, шырынёй метра чатыры – гэта пажарная паласа. А зараз зааралі яе, прычым пад самы лес. Прычым тым самым дасталі карані дрэў, а гэта ўжо пашкоджанні дрэў, іх знішчэнне”, – кажа Валерый Білібуха, ляснік.
Прычым заараныя дарогі сталі праблемай не толькі непасрэдна для леснікоў, але і для мясцовых жыхароў.
«Я ў пятніцу паехаў садзіць лес, выязджаю назад, а дарогі ўжо і няма. У суботу ў нас была акцыя – чысты лес, дзеці са школ сабраліся, каб пасадзіць дрэвы. А вось дабрацца да лесапасадкі аказалася вельмі складана, бо дарог у раз не стала, усё зааралі работнікі КУСП «Бярозаўскае», – абураецца ляснік.
Кіраўнік жа сельскагаспадарчага прадпрыемства распавёў «Першаму рэгіёну», што яго прадпрыемства не парушае ніякіх рэгламентаў.
«Нічога не заворвалася. Каля лесу ніякіх дарог не заворвалася», – пачаў пераконваць Анатоль Клімовіч, дырэктар КУПС «Березовское».
Але на пярэчанне карэспандэнта «Першага рэгіёну», што дарогі на самай справе заараныя, дырэктар пачаў апраўдвацца.
«Нічога не заворвалася. Толькі тое, што па картах. А калі хтосьці самавольна наездзіў, але з гэтым мірыцца не магчыма», – падсумаваў Анатоль Клімовіч.
Леснікі настойваюць, што такое землекарыстанне шкодзіць наваколлю.
«Тое, што заворвалася дарогі – гэта незаконныя пасевы, такім чынам узнімаюцца ўраджаі і гэта назіраецца практычна ва ўсіх месцах прымыкання палёў да лесу», – кажа Валерый Білібуха.
“Не дабрацца ў лес. А калі раптам пажар, тады што рабіць? Уся віна на кіраўніцтве сельгаспрадпрыемства. Па ўсіх патрабаваннях абавязкова павінна быць дарога. Не здзіўлюся, калі ў дакументах дарогі паказваюцца», – кажа ляснік Алег Карповіч.