Віцебскія актывісты БХД выстаялі варту ў Курапатах (відэа)

17.05.2019, 14:43  |  Галоўныя навіны, Палітыка

Віцебскія актывісты БХД выстаялі варту ў Курапатах (відэа)

 

15 траўня віцебскія актывісты БХД зноў стаялі на абароне Курапатаў. Падрабязнасці варты распавядае актывістка Алена Янушкоўская:

“На ўваходзе ў мемарыял работнікі Бараўлянскага лясгасу, якія абняславіліся на ўвесь свет пры зносе крыжоў, майстравалі ўбогія драўляныя шчыты ў засохлай гразі ля падножжа лавак, патлумачыўшы, што ствараюць зручнасці для жадаючых пасядзець. Рознакаляровыя петуніі недарэчна пампаваліся ў танных кантэйнерах, на не менш танным плоце. Уздоўж задняга боку "бульбашхолу" прасаваў тэрыторыю вялікі бульдозер.

Варту пачыналі ўчатырох, бо дзень апынуўся багатым на мерапрыемствы – напэўна, самым цікавым быў суд над Наталляй Гарачка, таму і людзей на варце было няшмат. Наведвальнікаў практычна не было, большасць бралі інфармацыйныя буклеты з удзячнасцю, але былі і такія, што, не збаўляючы хуткасці, праязджалі міма, паказваючы пры гэтым нам сярэдні палец.

Зайдэс улётку ўзяў, але, скрывіўшы ў прыкрасці твар, выціснуў пагрозу - я вас усё роўна разганю! Іхтамнеты хаваліся за плотам карчмы, зрэдку выбягалі фатаграфаваць ва ўпор малавядомых ім абаронцаў Курапатаў, якіяпадыходзілі пастаяць з намі ў знак салідарнасці.

У другой палове дня да нас далучыўся Іларыён Трусаў, маладафронтаўцы і іншыя. Каля 17.00 з рэстарана выкацілася нецвярозая дама сярэдніх гадоў і, як раз'юшаны бык, рынулася да нас з пагрозамі, але была перахопленая ахоўнікам. І брамы рэстарана зачыніліся. Дарэчы, ахоўнік Мікалай вельмі нам дапамагаў, угаворваючы наведвальнікаў браць у нас ўлёткі)) З чыстым сумленнем, мы перадалі пост змене і паспяшаліся на цягнік.

Да пабачэння, Курапаты, і калі вас абараніць ад самавольства ўладаў акрамя нас няма каму, мы прыедзем яшчэ, і яшчэ. І будзем стаяць да канца: за вас - абыякавых, за баязліўцаў, за канапавых байцоў, за бясконца занятых, за тых, хто баіцца, за ўсіх, адстойваючы нашу памяць, наш гонар, і гонар, за права звацца беларусамі - за НЕЗАЛЕЖНАСЦЬ!!!”

 

Навіны па тэме