Бывай, дарагая Надзя…

18.05.2019, 16:04  |  Навіны » БХД

Бывай, дарагая Надзя…

 

Менская сеньёрская суполка развіталася са сваёй сяброўкай Надзеяй Іюльскай. Яна прыйшла ў хрысціянскую дэмакратыю на хвалі прэзідэнцкіх выбараў 2010 года, удзельнічала ва ўсіх значных грамадскіх акцыях і мерапрыемствах. Збірала подпісы, стаяла ў пікетах, раздавала незалежную прэсу, назірала на ўчастках пры выбарчых кампаніях.

На 40-ы дзень ад пахавання былі ўскладзены кветкі на магільны грудок. Усе ведаюць пра цяжкі лёс актывісткі: дзяўчынкай яна трапіла ў дзіцячы дом, не ведала сапраўднай даты свайго нараджэння, ды і прозвішча ў яе прыдуманае, штучнае. Парадкі ў сталічным дзетдоме № 7 былі суровымі. За правіну каралі жорстка: маглі пакінуць без ежы. Старэйшыя дзяўчынкі практыкавалі “цёмную”: білі, накінуўшы коўдру на галаву.

Увесь гэты час родная маці зводдаль назірала, як расце адзіная дачушка, пасылала паштоўкі без подпісу і зваротнага адраса, а пазней нават брала да сябе на выходныя. Адметна, што маці сама не ведала, не памятала сваіх бацькоў.

Салідная была дзіцячая ўстанова ў раёне старога аэрадрома: з падарункамі шэфаў, з развітай мастацкай самадзейнасцю, канцэртамі, гурткамі, з  выездамі на летнікі ў Дзяржынскі раён. “Дзіця вайны” з удзячнасцю ўспамінала настаўнікаў мінскай СШ №1, якія сіротам удзялялі шмат увагі.

Скончыўшы Інстытут фізічнай культуры, Надзея Іларыёнаўна выкладала свой прадмет школьнікам. Выгадавала дачку, клапацілася пра ўнука Янку. Выказваем ім спачуванне, смуткуем самі. “Надзя Іюльская была прыкладам прынцыповасці і нястомнасці для маладзейшых”, – сказала адна з яе таварышак.

Навіны па тэме