Каб жыць у здаровым асяроддзі…
Нашы валанцёры штолета праводзяць рэйды па ачышчэнні зялёных зон адпачынку. Сёлета “праверылі” бераг вадасховішча на Пцічы, па выніках адправілі ліст у выканкам Мінскага раёна. Раённыя эколагі не пакінулі яго без увагі. Супрацоўнік інспекцыі па ахове прыродных рэсурсаў мусіў пакінуць утульны кабінет і падацца ў мокры лес. Ім было выяўлена, што інвазійныя парасоны баршчэўніка, пра якія гаварылася ў звароце, раскашуюць на тэрыторыі вучэбна-спартыўнай базы “Волкавічы”. Туды накіравана прадпісанне прыняць неадкладныя меры.
Удзельніца валанцёрскай групы Іна Лойка распавядае. “Мне помніцца такі выпадак. Ля Мінскага мора размаўляюць два азіяты. Пра нас, беларусаў. Што, маўляў, нам дасталася прыгожая зямля, а мы не ўмеем яе дагледзець. І сапраўды, не толькі берагі рэк і азёр засмечваюцца – дачнікі вывозяць сваё смецце на бліжэйшыя палі і ўзлескі. Вучыць экалагічнай культуры трэба і старых, і малых. Урокі па экалогіі варта ўвесці ў школе – каб дзеці змалку цанілі здаровае асяроддзе і вучыліся яго аберагаць.”