Адзначым 5 гадоў Krynica.info разам!

05.08.2019, 15:17  |  Галоўныя навіны, Палітыка

Адзначым 5 гадоў Krynica.info разам!

 

6 жніўня спаўняецца 5 гадоў з часу афіцыйнага запуску хрысціянскага інфармацыйнага парталу Krynica.info. 6 жніўня 2014 года, у гадавіну выхаду з друку Бібліі Скарыны, міжканфесійная інфармацыйная пляцоўка з шэрагам сервісаў і медыяпраектаў перайшла ад тэставай версіі да працоўнай – і пачала выходзіць на ўзровень сродка масавай інфармацыі.

За гэты час былі ў “Крыніцы” і ўзлёты, і падзенні. Былі і тысячы штодзённых наведнікаў, і шматлюдная рэдакцыя, былі спонсары і канкурэнты, былі і часы, калі каманда апыналася ў даўгах і месяцамі цягнула працу без капейкі. Зараз Krynica.info– валанцёрскі медыяпраект, які робяць некалькі веруючых энтузіястаў усіх трох хрысціянскіх канфесіяў. Бруіць, як і належыць крыніцы інфармацыі, абнаўляецца, чытаецца, а значыць – жыве.

Такім чынам, у аўторак 6 жніўня а 18.00 на офісе Беларускай Асацыяцыі Журналістаў (Кальварыйская 16 - 265) пачнецца ўрачыстая вечарына да 5-годдзя Krynica.info.

Апроч урачыстай часткай, плануецца і мазгавы штурм на тэму развіцця і пашырэння Krynica.info.

Чакаем заснавальнікаў, аўтараў і рэдактараў “Крыніцы”, чакаем чытачоў і валанцёраў, усіх, каму цікавая беларуская міжканфесійная хрысціянская пляцоўка на двух мовах.

Гарантуем гарбату, каву, пірог, торцік, ажыўленую дыскусію і мноства цікавых прапановаў!

Навіны па тэме