Алег Аксёнаў узначаліў пратэст магілёўцаў супраць ушчэльнення (відэа)

17 верасня 2019 14:07  |  Палітыка

Алег Аксёнаў узначаліў пратэст магілёўцаў супраць ушчэльнення (відэа)

 

На магілёўскі мікрараён Саломенка прыпадае адная школа, дзе дзеці вучацца на тры змены, адная паліклініка, дзе ў чарзе да лекара можна прастаяць некалькі гадзінаў, і два дзіцячыя садкі, куды, паводле мясцовых жыхароў, запісвацца трэба адразу пасля нараджэння дзіцяці.

Замест жа таго, каб пашырыць інфраструктуру і зрабіць раён больш зручным для жыхароў, мясцовыя ўлады вырашылі пабудаваць шматпавярховы дом ды засяліць туды шматдзетныя семʼі. Жыхары Магілёва абураныя:

«Кажуць – усё для народу! Але ўсё супраць народу! Усё супраць народу! »

«Сонца мала будзе нам! Паветра мала! Будаўніцтва – гэта, самі разумееце, што пыл ідзе».

«Гэта нейкі жах будзе, калі пабудуюць гэты дом! Мы супраць гэтага дому! Бо лепш бы пабудавалі ці школу, ці дзіцячы садок. Бо дзіцячы садок нам вось так патрэбны!»

Між іншага, жыхароў абурае, што будаваць шматпавярховік вырашылі, нават не пацікавіўшыся іхным меркаваннем.

«Не вядуць разлікаў, напрыклад, на колькі жыхароў узрасце, наколькі будзе дасяжная сацыяльная інфраструктура для гэтага, парковачныя месцы і гэтак далей. Працэс узаемадзеяння гараджанаў і ўладаў даволі складаны. У розных гарадах адбываецца па-рознаму, але прынамсі ўсё падобнае. Адбываецца проста канфлікт. Толькі калі канфлікт, сацыяльная напружанасць становіцца вельмі вялікая, тады ўлады гатовыя ісці на нейкія саступкі», – кажа каардынатар грамадскай кампаніі «Горад для гараджанаў» Дзяніс Кобрусеў.

І праўда, мясцовыя ўлады ў асобе прадстаўніка гарвыканкаму Юрыя Іванова ўсё ж прыйшлі да жыхароў. Але патрэбных адказаў магілёўцы ўсё ж не атрымалі. Таму вырашалі самаарганізоўвацца. Узначаліў пратэст каардынатар БХД Алег Аксёнаў.

Жыхары разам з актывістамі плануюць збіраць подпісы супраць ушчыльнення ў Саломенцы і падаваць скаргі. Адмыслоўцы ў будаўніцтве кажуць, што шанец змяніць планы чыноўнікаў ёсць – пры будоўлі дому закрануць зялёную зону, а гэта парушэнне закону. Атрымліваецца, што калі мясцовыя ўлады вырашылі будаваць тут шматпавярховік, яны не толькі праігнаравалі жыхароў, але і заканадаўства.

Ян Вярбіцкі belsat.eu

Болей навін