Генадзь Бердзянёў: больш за ўсё ўлады баяцца яднання людзей

30 верасня 2019 09:51  |  Палітыка

Генадзь Бердзянёў: больш за ўсё ўлады баяцца яднання людзей

 

Генадзь Бердзянёў – полацкі прадпрымальнік, сябра Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, адзін з лідэраў пратэстаў ІП 2016 года, дае інтэрвію для прэс-службы БХД.

Генадзь, калі ласка, распавядзіце пра сябе.

Сам я полацкі, нарадзіўся ў 1963-м, школа, армія, працаваў на рэмзаводзе, ліцейна-механічным слесарам, токарам. У 1990-ыя пайшоў у прадпрымальнікі, так што на кірмашы ўжо больш дваццаці гадоў.

Вы былі адным з актывістаў пратэстаў полацкіх прадпрымальнікаў 2016 года. Успомніце, як тады паднялася хваля масавых выступаў?

Падаткавая трэсла людзей, увесь кірмаш быў абураны. Мы з Вольгай Шарстабітавай пачалі хадзіць па кабінетах, патрабаваць спыніць гэты здзек. Ездзілі ў Віцебск і Мінск на пратэсты. У Мінску полацкіх спачатку было больш ста чалавек.

І які быў эфект?

Эфект быў! Людзі аб’ядналіся, і гэта галоўнае. Салідарнасць. Сплочанасць. Чыноўнікі баяцца не паперак і зваротаў, а яднання людзей. Людзей сплочваюць такія акцыі, пратэсты, збор сродкаў. На на 25 сакавіка 2017 года полацкія прадпрымальнікі сабралі шмат дапамогі арыштаваным і перадалі праваабаронцам. Кажуць, што прадпрымальнікі абараняюць толькі сябе. Не. Прадпрымальнікі ўдзельнічаюць у масавых акцыях пратэсту сярод першых.

Што зараз адбываецца на полацкім кірмашы?

Людзі бяднеюць, і мы бяднеем. Бывае, што за дзень – аніводнага пакупніка. Кірмаш амаль пусты. Зразумела, цяжка аплочваць арэнду. Людзі даведзеныя да галечы.

Як вы прыйшлі да БХД?

Мяне падштурхнула тое, што людзям трэба яднацца. Ствараць партыі, прафсаюзы. Ствараць сілу. Для мяне асабліва важна, што для жыцця патрэбныя маральныя асновы – Божыя запаведзі. Прысяга, законы – яны, у прынцыпе, бяруць пачатак з тых жа Божых запаведзяў. Адыграла сваю ролю і асоба Паўла Севярынца. Таму – Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя.

Што Вы думаеце пра сітуацыю ў Беларусі і сённяшні рэжым?

Па тэлевізары нам кажуць, што жыць добра. Дзе ж добра! Ты ж ходзіш па вуліцах і бачыш жыццё вакол. За 25 гадоў Лукашэнкі беларускі рубель так і не стаў канвертуемым. Кошты растуць. Заводы ў Полацку – разарыліся. Развальваюцца сем’і. П’янства, наркаманія. Вакол страх. Нават чыноўнікі баяцца, што іх пасадзяць. А тут яшчэ планы па далучэнні да Расіі – будзе яшчэ горш.

Дзе выйсце для Беларусі?

Выйсце – змена рэжыму. Калі чалавек пастаянна падманвае – пара мяняць. Ідэалогія – спорт, а хто можа дазволіць сабе займацца спортам? Мы працуем пад заклад сваёй маёмасці, якую ў нас у любы момант могуць канфіскаваць несправядлівыя суды. Трэба яднацца – і мяняць!

Болей навін