Зміцер Казакевіч: Усю дарогу да РАУС нас білі нагамі, скакалі па нас

03.11.2019, 22:23  |  Галоўныя навіны, Палітыка

Зміцер Казакевіч: Усю дарогу да РАУС нас білі нагамі, скакалі па нас

Кандыдат у дэпутаты ад Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Зміцер Казакевіч у размове з прэсавай службай БХД расказаў падрабязнасці жорсткага затрымання яго і іншых актывістаў падчас Курапацкай варты 3 лістапада.

Паводле яго, актывісты, як і звычайны, стаялі на варце, збіраліся раздаваць улёткі. У гэты час Зміцер Казакевіч паспрабаваў прайсці на тэрыторыю рэстарацыі “Паедзім, паядзім”, каб раздаваць улёткі і размаўляць з выбарнікамі. Актывісты на тэрыторыю не пускалі, але калі брама адчынілася і яны змаглі ўвайсці, ахоўнікі пачалі іх выпіхваць. Аднаму з хлопцаў пры гэтым зламалі вуду са сцягам.

Затым з’явіліся два ўчастковыя міліцыянты, а за імі – шэры мікрааўтобус без апазнавальных знакаў.

“Выбеглі адтуль людзі без формы. Кінулі нас усіх у гэты бусік. І ўсё дарогу ад гэтага рэстарана і да Бараўлянскага РАУС білі нагамі, скакалі па нас. На мяне зверху кінулі яшчэ Віталю (Трыгубава – рэд.), і нас дваіх нагамі мясілі. Дзяніса Урбановіча, Іларыёна Трусава – усіх адхадзілі. Мы калі прыехалі, я думаў, што Максім Урбановіч зусім без прытомнасці”, - расказаў Зміцер Казакевіч.

Паводле кандыдата, у РАУС яго 1,5 гадзіны не пускалі ў прыбіральню. І адвялі толькі пасля пагрозы не даваць паказанні.

У РАУС на актывістаў склалі адміністрацыйныя пратаколы паводле артыкулаў 17.1 (дробнае хуліганства) і 23.4 (непадпарадкаванне міліцыі) КаАП.

“Я ім кажу, што працаўнік міліцыі мусіў мне патлумачыць, што супраць мяне будзе ўжыты артыкул 23.4 – гэтага нічога не было. Адразу без нічога кінулі ў бусік”, - сказаў Зміцер Казакевіч, які адмовіўся прызнаваць віну.

Выпусцілі яго толькі дзякуючы наяўнасці пасведчання кандыдата ў дэпутаты.

“Дзяніса Урбановіча вельмі моцна збілі. Яго ў больніцу абласную вазілі – вельмі сур’ёзныя праблемы. Іларыёна Трусава забралі бацькі, бо няпоўнагадовы. А на астатніх, наколькі я ведаю, склалі пратаколы і пакінулі іх у РАУС”, - расказаў актывіст.

Пра далейшыя дзеянні міліцыянтаў у дачыненні да яго, у тым ліку і суду, Змітру Казакевічу сказалі чакаць паведамлення. Сам ён наведаў больніцу, каб зафіксаваць пабоі.

Навіны па тэме