«Назіральнікі выходзілі з участкаў і плакалі ад бясьсільля». Кандыдаткі БХД пра ўдзел у кампаніі

18 лістапада 2019 19:50  |  Палітыка

«Назіральнікі выходзілі з участкаў і плакалі ад бясьсільля». Кандыдаткі БХД пра ўдзел у кампаніі

 

Кандыдат з заклееным ротам як ілюстрацыя кампаніі. Чаму ня ставілася задача зламаць сцэнар уладаў? І чаму пасьля дня «выбараў» хацелася ў душ і пераапрануцца? Пра ўдзел у кампаніі шчыра расказваюць экс-кандыдаткі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў — сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Вольга Кавалькова, сустаршыня Руху салідарнасьці «Разам» Алена Талстая і актывістка БХД і руху «Маці 328» Тацяна Канеўская

Сьцісла:

Талстая: Мой удзел быў абмежаваны толькі кампаніяй супраць інтэграцыі з Расеяй. Я і дасюль не ўпэўненая, што ўдзел быў правільным рашэньнем.

Канеўская: Пасьля дня выбараў хацелася залезьці ў душ, пераапрануцца і не дакранацца ўвогуле да гэтага бруду. Гэтыя людзі ня маюць права ні выхоўваць дзяцей, ні працаваць у сыстэме адукацыі.

Кавалькова: З тых кампаній, у якіх я брала ўдзел, гэтая была самая жорсткая. Гэта зьвязана з тым, што ў наступным годзе будзе прэзыдэнцкая кампанія.

 «Улада зробіць усё, каб дэматываваць актыўных людзей»

— Вольга, Алена, вы дасьведчаныя ў палітыцы, выбарчых кампаніях, ніхто з вас сурʼёзна не спадзяваўся на тое, што вашыя імёны будуць сярод агучаных Цэнтравыбаркамам. Ганна Севярынец у Фэйсбуку вобразна выказалася пра актыўных удзельнікаў выбарчай кампаніі, як пра тых, хто на баку сьвятла: «У мяне няма зараз адчуваньня, што нас усіх прынізілі альбо падманулі. Бо дзякуючы вам усім, хто пайшоў і змагаўся, добра бачнае сьвятло». А як вы расцэньваеце свой удзел?

Вольга Кавалькова: У мяне баявы настрой. Гэта ня першая мая кампанія. Як палітык у краіне, дзе пануе дыктатура і аўтарытарны рэжым, я разумею, што ўлада зробіць усё, каб дэматываваць актыўных людзей, якія змагаюцца за дэмакратыю, за тое, каб мы жылі лепей. Пасьля кожнай кампаніі ў мяне яшчэ болей сілаў для таго, каб гэтае змаганьне працягваць. Калі мы ня будзем змагацца, краіна загіне. Калі ня мы, то хто?

«Зусім недарэчна казаць, што мы тут нейкія войны сьвятла»

Алена Талстая: У мяне не было спадзяваньняў на тое, што маё прозьвішча ці прозьвішча кагосьці яшчэ з апазыцыйных дзеячаў трапіць у сьпісы ЦВК. Шмат хто спадзяваўся на нейкую раздачу мандатаў, як гэта было мінулым разам. Гэта ёсьць падманам. Мы бачым, што пасіўны супраціў у беларускім народзе праяўляецца праз ігнараваньне выбараў. Заклікі ісьці на выбарчыя ўчасткі, прагаласаваць за таго ці іншага кандыдата ўспрымаюцца людзьмі зь непаразуменьнем…

Зусім недарэчна казаць, што мы тут нейкія ваяры сьвятла. Заклікі браць удзел у выбарах толькі прыхоўваюць рэальны стан рэчаў, а выбараў у нас няма. Беларускі народ пазбавілі ўсялякага права абіраць уладу. Мой удзел быў абмежаваны толькі кампаніяй супраць інтэграцыі з Расеяй, супраць саюзнай дамовы. Магчымасьць сказаць пра страшную пагрозу і прымусіла мяне ўзяць абмежаваны ўдзел у гэтай кампаніі. Насамрэч я і дасюль не ўпэўненая, што гэта было правільнае рашэньне — браць удзел. Бо кампаніі выбарчай няма, і няправільна нейкім чынам патураць уладзе, якая праводзіць фіктыўныя выбары, гвалтуе народ і легітымізуе свае існаваньне. Цяпер страшныя рэчы адбываюцца ў Беларусі, але будзе яшчэ горш, калі нашыя людзі будуць гінуць праз ваенныя і палітычныя саюзы з імпэрскай Расеяй.

Тацяна Канеўская: Такога маштабу кампанія для мяне першая. Раней я ніколі ня ўдзельнічала ні ў якіх палітычных рэчах. Так глыбока не ўнікала. Я ведала, што ў парлямэнт не дапусьцяць людзей з такім пунктам гледжаньня, з такой жыцьцёвай пазыцыяй як у мяне. Там такія людзі не патрэбныя, там патрэбныя «ківалы». А я — не «ківала».

Я ішла ў выбарчую кампанію, каб мець магчымасьць як мага большай колькасьці людзей распавесьці пра праблемы, зьвязаныя з артыкулам 328, якія закранаюць тысячы мацярок і бацькаў у Беларусі. Мне ўдалося пераканаць у сваім рэгіёне даволі вялікую колькасьць людзей.

На кожным участку ў мяне былі назіральнікі, якія бясплатна, па закліку сэрца прыйшлі і 12-13 гадзінаў адсядзелі на ўчастках. Гэта былі мае родныя, блізкія і знаёмыя. Яны выходзілі з участкаў і плакалі ад бясьсільля. Казалі: «Таня, як так можа быць?» Фінішны этап кампаніі быў для мяне цяжкі, але не скажу, што я раздаўленая. Мяне падтрымлівае вельмі шмат людзей, і спыняцца я ня буду.

Пасьля дня «выбараў» мне проста хацелася залезьці ў душ, пераапрануцца і не дакранацца ўвогуле да гэтага бруду. Гэта нізка. Мяне цяпер запрашаюць на камісію. І гэта тыя людзі, якія мне калісьці казалі, што я няправільна выхоўваю свайго сына і таму ён у турме. Дык я скажу ім, што яны ня тое, што ня маюць права так казаць, яны ўвогуле ня маюць права ні выхоўваць дзяцей, ні працаваць у сыстэме адукацыі. Калі сябры выбарчай камісіі нахабна хлусяць, яны ўчыняюць крымінальнае злачынства супраць усёй краіны, яны ня маюць права выкладаць нідзе. Чаму яны могуць навучыць дзяцей? Як трэба хлусіць?

«Кандыдат з заклееным ротам быў бы добрай ілюстрацыяй гэтай кампаніі»

— Што для вас было новым у гэтай кампаніі ў дзеяньнях улады, выканаўцаў яе рашэньняў, рэакцыі грамадзтва, стратэгіі апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці?

Вольга Кавалькова: З тых кампаній, у якіх я брала ўдзел, гэтая была самая жорсткая. Гэта абʼектыўна зьвязана з тым, што ў наступным годзе будзе прэзыдэнцкая кампанія, і ўлады зрабілі ўсё, каб праверыць, замацаваць мэханізм фальсыфікацый, каб не было ніякіх адыходжаньняў з боку чальцоў участковых камісій ад таго, што скажуць зьверху. Усю кампанію было вельмі жорсткае сталеньне да кандыдатаў.

Кандыдат з заклееным ротам быў бы добрай ілюстрацыяй гэтай кампаніі. Шмат кандыдатаў не пускалі ў эфір, праграмы не друкавалі, чальцы камісій выносілі неабгрунтаваныя папярэджаньні. Кампанія паказала, што закон не працуе, а працуе слова чалавека зьверху. Але калі б ня мой удзел і ўдзел іншых кандыдатаў, то гэта было б немагчыма паказаць.

Длямянеасабістабыловажна, каблюдзіпадчаскампанііпабачылі, штоапазыцыягэтаадукаваныя, прафэсійныялюдзі, якіяведаюць, якправодзіцьрэформы (адрознааддзейнайулады), іштотакіхлюдзейвельмішмат, іяўтымліку. Я паказваю, што ёсьць альтэрнатыва, што мы здольныя на зьмены і здольныя браць адказнасьць за краіну, незалежна ад таго, як улада будзе сябе паводзіць, бо прынізіць свабоднага чалавека немагчыма.

«Не павінна быць загалоўкаў у СМІ пра тое, што апазыцыя не змагла прайсьці ў парлямэнт»

Алена Талстая: Гэтая кампанія паказала, што народу гэтыя выбары не патрэбныя. Добра, калі гэта было 10-15% людзей, якіх удалося загнаць на выбарчыя ўчасткі. Абмяркоўваць прыватныя дзеяньні чальцоў камісіі ці міліцыянтаў ня мае сэнсу. Не павінна быць загалоўкаў у прэсе пра тое, што апазыцыя не змагла прайсьці ў парлямэнт. Гэта падманвае людзей. І мы самі сябе падманваем такімі фармулёўкамі. Мы павінна разумець, колькі людзей рэальна прыходзіць на ўчасткі. 10-15%, якіх прывялі на аркане? Мы павінны разумець, колькі людзей удзельнічае ў фальсыфікацыях — 5%. А 95% людзей гэта абсалютна не патрэбна. Толькі праз плошчу мы можам зьмяніць сытуацыю, калі на вуліцы выйдзе 200-400 тысяч чалавек, і толькі тады могуць адбыцца выбары, пра якія можна размаўляць. Пра ўсё іншае ня мае сэнсу размаўляць.

Тацяна Канеўская: Кожны чалавек сам павінен паспрабаваць. Мы ўсе чуем пра фальсыфікацыі, але калі сам сутыкаесься, калі расказваеш пра іх сваіх родным і блізкім, то ўсё ўспрымаецца інакш. Гэта жудасна, страшна. Гэта трэба мяняць, я толькі ня ведаю як.

«Перада мной не стаяла задача зламаць сцэнар. Сёньня такіх спосабаў няма»


— Вы ўсе трое зь ліку тых, хто спрабуе зламаць сцэнар уладаў усімі магчымымі спосабамі. За 25 гадоў усе гэты спробы пакуль не прыносяць посьпеху, а хутчэй — пакуты тым, хто спрабуе нешта мяняць. Алена, вы рэзка выступалі на вулічных мітынгах за некалькі дзён да выбараў. Як вы мяркуеце, ці будзе помста? Падзеі 2010 году сьведчаць пра тое, што ўлады не забываюць кінутыя рэзкія выклікі…

Алена Талстая: Перада мной не стаяла задача зламаць сцэнар. Сёньня такіх спосабаў няма. Калі б такі спосаб быў, то такія задачы мы б ставілі перад сабой. Помста — ня новае. Можна запытацца, а дзе Ганчар і Захаранка? Можам успомніць самых першых палітвязьняў — Адамовіча, Хадыку і Сіўчыка. Гэта ўся наша 25-гадовая гісторыя. Шкада ў гэтых варунках моладзь, якая нарадзілася, вырасла і нічога іншага ня бачыла. Іх пазбаўленьне ад ілюзій праходзіць больш цяжка і хваравіта, але гэта неабходна. Калі мы маем мэту — Беларусь, будучыню дзяцей, то ня трэба думаць пра рэпрэсіі, а трэба рабіць усё, каб моладзь, якая ўдзельнічала ў кампаніі, у тым ліку і мае ўласны дзеці, пазьбеглі рэпрэсій у будучыні, каб іх жыцьцё ішло, як ва ўсіх нармальных краінах, у спакойным рэчышчы самарэалізацыі, магчымасьці абараць уладу, жыць у краіне, якая кіруецца законам, а не капрызамі аднаго чалавека.

«Выбары», прызначэньне дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў адбыліся б у любым выпадку. З намі ці бяз нас. Але ёсьць рэчы, лёсавызначальныя для Беларусі. Я хацела б заклікаць людзей паехаць у Вільню на перапахаваньне парэшткаў Каліноўскага. Калі мы памятаем запавет Каліноўскага, калі для нас лёс Беларусі найважнейшы, калі мы будзем абараняць незалежнасьць, то і ўнутраныя расклады зь цягам часу пераменяцца.

«Мы павінны працаваць ужо на прэзыдэнцкія выбары 2020 году»

— Вольга, актыўная шматдзённая праца ў часе кампаніі адбілася і на вашым здароўі. Мы бачылі на фота ў Фэйсбуку, што вы дрэнна сябе адчулі, калі наведвалі бацьку ў шпіталі. Што вы цяпер адчуваеце? Адчай, стомленасьць, расчараваньне, злосьць…

Вольга Кавалькова: Палітык у Беларусі ня можа сябе адчуваць дрэнна, скажу шчыра. У людзей апусьцяцца рукі, калі яны будуць бачыць палітыкаў, якія адчуваюць сябе дрэнна. Мы павінны быць прыкладам змаганьня, трываласьці, добрага настрою, каб натхняць іншых людзей. І мы павінны працаваць ужо на прэзыдэнцкія выбары 2020 году, каб быў адзіны кандыдат ад апазыцыі, каб людзей зноў не падманулі.

Усе людзі, якія хочуць жыць годна, павінны аказацца ў якасьці назіральнікаў на выбарчых участак на выбарах 2020 году. Каб было не 12 чальцоў камісіі і 10 назіральнікаў ад «Белай Русі» і БРСМ, а каб нашых яшчэ чалавек 50 было. І тады яны нічога б не змаглі зрабіць, ніводзін бюлетэнь не змаглі б сфальсыфікаваць.

— Тацяна, бяда з вашым сынам прывяла вас у палітыку, у актыўную грамадзкую дзейнасьць. Ці што-небудзь зьмяніў у вашым настроі, плянах, далейшай працы гэты дзень «выбараў»?

Тацяна Канеўская: Першапачаткова мы змагаліся зь несправядлівасьцю судоў, з тым, што адбываецца ў сьледчым камітэце, усім, зьвязаным з артыкулам 328. Барацьба будзе працягнутая, бо тысячы людзей сядзяць у турме. Што тычыцца палітыкі, я ня ведаю, ці працягну далей, Я павінна адпачыць пасьля ўчорашняга дня і сысьці ад гэтага бруду.

Радыё Свабода

Болей навін