У Менску праходзіць акцыя пратэсту супраць інтэграцыі (фота)
7 сьнежня ў цэнтры Менску праходзіць акцыя пратэсту супраць «паглыбленьня інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Рэпартаж Радыё Свабода. Фота TUT.by і БХД.
15:50 Каля 200-300 чалавек дайшлі да помніка Янку Купалу ў аднайменым парку ў цэнтры Менску. Цяпер тут зачытваюць вершы паэта.
15:35 Павал Севярынец заклікаў людзей пайсьці з Кастрычніцкай плошчы да помніка Янку Купалу. Гэта каля 10-15 хвілінаў хады ад Палацу Рэспублікі, дзе месьцяцца пратэстоўцы зараз.
15:28 На прыступках Палацу Рэспублікі выступаюць палітычныя актывісты і шараговыя выступоўцы. Слова ўжо бралі Вячаслаў Сіўчык, Андрэй Шарэнда зь Берасьця.
«Я сам расеец і з Расеі, – сказаў малады хлопец, які прадставіўся Яўгенам. – Я вельмі добра ведаю, што Пуцін і ягоныя сябры зрабілі з гэтай краінай (з Расеяй – РС). Разрабавалі, зьнішчылі і працягваюць гэта рабіць. Беларусы не павінны дазволіць зрабіць тое самае са сваёй краінай. Таму што ня будзе краіны! Застанецца ўсё проста алігархам і ўсё. А мы будзем рабамі».
15:10 Пратэстоўцы перасунуліся на Кастрычніцкую плошчу, дзе пачыналася акцыя а 12-й гадзіне. Павал Севярынец, адзін з арганізатараў сёньняшніх пратэстаў, анансаваў, што зьбіраецца быць на плошчы да самай цемры. Гэта значыць, яшчэ каля дзьвюх гадзінаў.
15:05 Акрамя Менску, сёньня праходзяць антыінтэграцыйны пратэст у Кіеве.
15:00 Ад ратушы людзі рухаюцца да Кастрычніцкай плошчы, дзе пачаўся пратэст супраць паглыбленьня інтэграцыі з Расеяй а 12-й гадзіне.
14:46 Акцыя цягнецца трэцюю гадзіну. Цяпер людзі дайшлі да плошчы Свабоды. На прыступках ратушы выступае лідэр было Беларускай партыі Свабоды Сяргей Высоцкі:
«Гэтая ўлада падышла да чырвонай мяжы. За сьпінай беларускага народа вырашаецца наш лёс. Гэта сапраўды злачынства».
14:40 Як піша «Наша Ніва», падчас шэсьця супраць інтэграцыі з Расіяй па праспэкце Незалежнасці ў натоўпе зьявіўся правакатар, які крычаў «Россія вперед!» і меў, паводле сьведчаньняў, ашклянелы позірк – нібыта знаходзіўся пад узьдзеяньнем нейкіх рэчываў. Людзі здалі яго сілавікам у цывільным. Правакатара пасадзілі ў сіні мікрааўтобус.
14:35 Пратэст у Беларусі – гэта несанкцыянаванае шэсьце, якое рухаецца па правілах дарожнага руху. Пратэстоўцы з антыдзяржаўнымі лёзунгамі спускаюцца ў падземныя пераходы, чакаюць зялёнага сыгналу сьвятлафору і ідуць выключна па ходніках. Нават калі яны вельмі вузкія. Супрацоўнікі ДАІ пільнуюць, каб ніхто не парушаў правілаў дарожнага руху.
14:25 Калёна расьцягнулася на некалькі сотняў мэтраў уздоўж вуліц Валадарскага і Рэвалюцыйнай. На заклік Паўла Севярынца людзі ідуць да плошчы Свабоды. Там мае адбыцца наступны прыпынак шэсьця – пратэсту супраць паглыбленьня інтэграцыі з Расеяй.
14:15 Па словах Паўла Севярынца, на сёньняшні пратэст выйшла ў некалькі разоў болей людзей, чым ён чакаў.
14:05 Пратэстоўцы дайшлі да плошчы Незалежнасьці. Пасьля кароткай прамовы і малітвы Павал Севярынец заклікаў усіх пайсьці «вуліцамі старога гораду да плошчы Свабоды». У акцыі дагэтуль удзельнічае каля тысячы чалавек.
14:00 Акцыю пратэсту камэнтуе пісьменьнік Уладзімер Някляеў:
«Вядома, гэта недастатковая колькасьць людзей, каб радыкальна зьмяніць сытуацыю ў краіне, на што спадзяваліся арганізацыі гэтай дзеі (пратэсту – РС). Але гэта гэтага дастаткова для таго, каб пачулі голас беларусаў, якія не жадаюць будучыні без незалежнасьці. Гэта катэгарычна не прымаецца.
«Каб выйшаў народ, трэба падзея нейкая. Каб сёньня прыйшла інфармацыя, што падпісаны пратакол пра адзін урад, пра адну дзяржаву, вывалілі б сотні тысяч. Гэта безумоўна».
13:40 Гэта самая шматлюдная акцыя пратэсту за апошні час. Па словах Алеся Пілецкага, карэспандэнта Свабоды, сёньня на вуліцу выйшла нашмат больш людзей, чым удзельнічала ў «Сустрэчы свабодных людзей» і пратэстаў падчас парлямэнцкай кампаніі.
13.30 Ні міліцыя, ні людзі ў цывільным не замінаюць пратэстоўцам. Шэсьце дайшло да цэнтральнага будынку КДБ.
13:10 Павал Севярынец: «Зараз мы пройдзем па нашым родным горадзе Менску. Мы пройдземся да плошчы Незалежнасьці і вернемся назад. Дзеля таго, каб праспэкт Незалежнасьці. праспэкт Скарыны, пабачыў, што Беларусь жыве. Незалежнасьць!»
13.07 Акцыя праходзіць спакойна. Па словах карэспандэнта Свабоды, людзей у цывільным ня бачна, ніхто не замінае выступоўцам.
12:47 На прыступкі Палацу Незалежнасьці падняўся пісьменьнік Ўладзімер Някляеў:
«Гэтую краіну празь вякі малацілі й малацілі цапамі. Яны крывяніла на крыжах. Але яна жывая разам з намі. І гэткай краінай нельга гандляваць. Можна падпісваць міжнародныя дамовы, можна падпісваць саюзы, што заўгодна, але зь ведама народа! Самае вялікае злачынства – гэта ўпотай падпісваць нейкія пакты Молатава-Рыбэнтропа.
12.40. Выступае пісьменьнік Уладзімер Арлоў:
«Дарагія сябры. На сьвеце больш за тры тысячы нацый і народнасьцяў. І толькі каля двухсот здолелі стварыць свае незалежныя дзяржавы. Мы, беларусы, сярод іх. Гэта наша найвялікшая каштоўнасьць».
«Нам доўга кажуць, што мы ня можа сфармуляваць сваю нацыянальную ідэю. Вось нашая нацыянальная ідэя. Каго любіш? Люблю Беларусь! То ўзаемна. Без паўстаньня 1863 года, калі пачалося змаганьне за свабодную будучыню былых народаў Рэчы Паспалітай, за беларускую незалежную будучыню, бяз гэтага паўстаньня не надышоў бы дзень 25 сакавіка 1918 года, калі беларусы сталі дзяржаўным народам ужо пад сваёй сучаснай назвай».
12:35 Павал Севярынец на Кастрычніцкай плошчы: «Сёньня мы стаім да цемры».
12:16 Сутычка на Кастрычніцкай плошчы. Удзельнікі пратэсту спрабуюць падняцца на прыступкі Палацу рэспублікі, але супрацоўнікі міліцыі і людзі ў цывільным не пускаюць нікога.
12:10 Лідэр АГП Казлоў кажа, што выступае за скасаваньне дамовы пра «саюзную дзяржаву» з Расеяй — Беларусь і Расея «павінны заключаць звычайныя дамовы» і мець «добрыя, нармальныя стасункі». І дамовы між дзяржавамі, дадае ён, кіраўнікі дзяржаваў ня мусяць вырашаць «таемна, як злодзеі».
12:05 На Кастрычніцкай зьявіўся шэраг палітыкаў: сустаршыня БХД Павал Севярынец, старшыня АГП Мікалай Казлоў, старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч і іншыя. Кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2010 году, паэт Уладзімер Някляеў кажа, сёньня «васал пакліканы ў мэтраполію», і там «будзе горача», бо Пуцін будзе дамагацца рэалізацыі ранейшай ідэі — далучыць Беларусь да Расеі. Севярынец жа спраўджвае ў мітынгоўцаў, ці ўсе цёпла апрануліся, ці ўзялі ссабойкі і гарбату, бо «акцыя будзе доўгай». Праваахоўнікі і «людзі ў цывільным» не чапаюць пратэстоўцаў.