1900 рублёў на дваіх: сябраў БХД аштрафавалі за сюжэт пра беды вяскоўцаў

13.12.2019, 08:52  |  Навіны » Палітыка

1900 рублёў на дваіх: сябраў БХД аштрафавалі за сюжэт пра беды вяскоўцаў

 

12 сьнежня суд Віцебскага раёну разгледзеў адміністрацыйную справу ў дачыненьні журналістаў-фрылянсэраў, сябраў БХД Алены Шабуні і Зьмітра Лупача. Іх абвінавацілі ў незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі (ч. 2 арт. 22.9 КаАП РБ). Справу разглядала судзьдзя Ганна Ігнаценка.

Журналістаў судзілі за сюжэт, які зьявіўся на сайце тэлеканалу «Белсат» і распавядаў пра пакуты жыхароў вёскі Шэвіна Віцебскага раёну. Адміністрацыя санаторыя «Лётцы» перакрыла вяскоўцам найбліжэйшы шлях да пошты, аптэкі, сельсавету і чыгуначнай станцыі. Людзям, якія той санаторый будавалі, працавалі ў ім, адмовілі ў праве мець на старасьці гадоў пэўныя зручнасьці. Бясконцыя звароты да чыноўнікаў і дзяржаўнай прэсы плёну не прынесьлі.

Журналістка Алена Шабуня на пачатку паседжаньня заявіла хадайніцтва дапусьціць да ўдзелу ў працэсе сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) і праваабаронцу Паўла Левінава, але атрымала адмову. Шабуня некалькі разоў заяўляла адвод судзьдзі, якая, на погляд журналісткі, незаконна карысталася сваім правам здымаць зададзеныя ёй пытаньні сьведку – міліцыянту Андрэю Кляменку.

Андрэй Кляменка – адзін з двух сьведкаў, якія апазналі журналістаў. 15 лістапада ў час папярэдняга галасаваньня ён нёс дзяжурства на выбарчым участку і нібыта праз вакно бачыў журналістаў у вёсцы Малыя Лётцы. Быццам бы Зьміцер Лупач зьдзяйсьняў відэаздымкі сельсавету, у будынку якога месьціўся выбарчы ўчастак, а Алена Шабуня знаходзілася побач. Апазнаў Зьмітра Лупача і супрацоўнік санаторыя «Лётцы», які ў той дзень знаходзіўся ў вёсцы Шэвіна. Два другія сьведкі журналістаў не запомнілі.

Антаніна Зайцава, старэйшына вёскі Шэвіна, якая таксама выступіла ў якасьці сьведкі, журналістаў не памятала. Яна не магла зразумець, як можна судзіць за шчырую спробу дапамагчы людзям агучыць надзённую праблему.

«Гэта дзіўна! Учынілі судзілішча! Зь якой нагоды – я ніяк не зразумею. Мы пяць гадоў ходзім, езьдзім, пішам, каб нам адкрылі нашу законную дарогу. І раптам такое…» – казала на судзе пэнсіянэрка.

Пасьля апытаньня сьведкаў журналісты заявілі, што не выраблялі паказаны на «Белсаце» сюжэт, а яго аўтарам зьяўляецца Яраслаў Сьцешык. Таксама спаслаліся на Ўсеагульную дэклярацыю правоў чалавека, якая дазваляе вырабляць і распаўсюджваць любую інфармацыю. Рэспубліка Беларусь узяла на сябе абавязак прытрымлівацца падпісаных ёю нормаў права і мусіць гарантаваць іх выкананьне.

Сваё рашэньне судзьдзя агучыла адразу пасьля азнаямленьня з матэрыяламі справы. На падставе ч. 2 арт. 22.9 КаАП РБ судзьдзя Ганна Ігнаценка аштрафавала Алену Шабуню на 32 базавыя велічыні (816 рублёў), а Зьмітра Лупача – на 42 базавыя велічыні (1071 рубель).

Пасьля адміністрацыйнага працэсу журналісты падзяліся сваімі ўражаньнямі. Алену Шабую абурыла перадузятае стаўленьне судзьдзі.

«Калі задаваліся пытаньні, яна іх проста адхіляла. Калі мы пыталіся выказаць сваё стаўленьне, яна проста перарывала і не давала нам казаць. Шмат разоў я заяўляла пра адвод судзьдзі, бо яна не хавала свайго перадузятага стаўленьня да нас», – сказала Алена Шабуня.

Для Зьмітра Лупача сёньняшні суд стаўся рэкордным.

«Чатыры гадзіны! Ніколі не было ў мяне такіх судоў. Ну, і такі рэкорд паставілі па суме штрафу, бо сама больш мяне штрафавалі на 40 базавых. Гэтым разам – 42. Што спадабалася: ніхто зь людзей, пра якіх мы рабілі сюжэт, нас не пазнаў. Вельмі абураліся, што за такую працу нас судзяць. Наогул, працэс пабудавалі на сьведчаньні двух чалавек», – падсумаваў Зьміцер Лупач.

С. Горкі, “Віцебская Вясна”

Навіны па тэме