Сяргею Верамеенку асудзілі за акцыю супраць інтэграцыі з Расіяй
Сяргей Верамеенка атрымаў штраф у 30 базавых (765 рублёў), Вадзім Саранчукоў – 25 (637, 5 рублёў), Ежы Грыгенча і Уладзімір Арцыман – па 10 (255 рублёў). Іх судзілі за акцыю супраць з інтэграцыі Беларусі і Расіі, якая прайшла 15 снежня на Старым мосце. Тады актывісты сталі ў жывы ланцуг, прынеслі плакаты (у тым ліку з цытатамі Лукашэнкі аб саюзе) і бел-чырвона-белыя сцягі, а яшчэ адправілі караблік з рэзалюцыяй ў Расію. Дазвол у гарвыканкама на акцыю не запытвалі.
Грыгенчу і Арцымана судзілі па ч.1 арт.23.34 КаАП РБ – “Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў”. Саранчукова і Верамеенка – па ч.3 арт.23.34 КаАП РБ – тое ж дзеянне, учыненае паўторна на працягу года. Дарэчы, Арцыман і Саранчукоў – экс-кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.
Саранчукова судзілі ў судзе Кастрычніцкага раёна, астатніх – у судзе Ленінскага раёна. У Ленінскім судзе актывістаў падзялілі. Суддзямі былі Бубенчык, Козел і Гурын.
Разгляд судовых спраў прайшоў хутка: ад 10 да 20 хвілін. Ва ўсіх былі сведкі з міліцыянтаў у цывільным, якія вялі відэаздымку на акцыі. Суддзя Бубенчык сказаў, што Верамеенка, удзельнічаючы ў акцыі, “публічна выказваў стаўленне да грамадска-палітычнага жыцця”. Ежы Грыгенча сцвярджае, што адзін з яго сведак – Хвалько – хлусіць: той кажа, што ў Ежы быў плакат, калі ён трымаў толькі сцяг.
Актывісты кажуць, што дзейнічалі ў рамках арт.57 Канстытуцыі – “Абарона Рэспублікі Беларусь – абавязак і свяшчэнны доўг грамадзяніна Рэспублікі Беларусь”.
Актывісты не атрымлівалі позваў аб тым, каб з’явіцца ў РАУС. Іх чакалі раніцай пад пад’ездам. Арцымана і Саранчукова затрымалі, калі яны вялі дзяцей у дзіцячы садок. Верамеенка – калі ён з жонкай ехаў на працу. Калі трох актывістаў затрымалі, Грыгенчы патэлефанавалі і папрасілі спусціцца. Пасьля затрыманьня працэс праходзіў у рамках дзеючага заканадаўства, кажуць актывісты.
Гродзенцы кажуць, што для іх гэта не стала нечаканасцю. Яны звязваюць затрыманні ў тым ліку з сённяшняй акцыяй пратэсту ў Мінску, на якую яны нібыта маглі паехаць.
Актывісты будуць абскарджваць рашэнні ў абласным судзе.
Мікалай Салянік, які апублікаваў у сябе на старонцы ў Фэйсбуку запрашэнне на акцыю, пакуль знаходзіцца дома. Ён кажа, што ў яго пад домам таксама дзяжурыць міліцыя, але ён пакуль не плануе выходзіць.