Валерыю Чарнаморцаву аштрафавалі на 30 базавых. Наперадзе суд на Таццянай Севярынец
Актывістка Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Валерыя Чарнаморцава атрымала паведамленне з Савецкага раённага суду ў Менску пра тое, што яе аштрафавалі за ўдзел у акцыі пратэсту супраць паглыблення інтэграцыі Беларусі ды Расеі 8 снежня.
Суд нібыта адбыўся 26 снежня, і прысудзіў яе да штрафу ў 30 базавых велічынь. Позву ў суд і паведамленне пра вынік суду Валерыя Чарнаморцава атрымала адначасова.
9 студзеня два пратаколы ў дачыненні да каардынатаркі БХД на Віцебшчыне Таццяны Севярынец будзе разглядаць суд Першамайскага раёну Менску. Пратаколы складзеныя на падставе ч. 1 арт. 23.34 КаАП.
А 20 студзеня Гарадзенскі абласны суд будзе разглядаць скаргу гарадзенскага актывіста БХД Сяргея Верамеенкі, які 20 снежня быў аштрафаваны за пікет супраць інтэграцыі.