“Віншаванні перадавалі пачкамі”. Паўла Севярынца вызвалілі раней, чым чакалася

10 студзеня 2020 09:06  |  Галоўныя навіны

“Віншаванні перадавалі пачкамі”. Паўла Севярынца вызвалілі раней, чым чакалася

 

Сустаршыню Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца вызвалілі 10 студзеня пасля 15 сутак арышту раней, чым чакалі яго сваякі і паплечнікі.

“Сёння мяне паднялі ў камеры ўначы і загадалі без тлумачэнняў сабраць рэчы. На калідоры ўжо чакалі двое ў цывільным.Ну, думаю, на чарговы суд і па канвееры.
У дзяжурцы высветлілася, што мне залічылі ў тэрмін 15 сутак маё пяцігадзіннае затрыманне 18 снежня (калі здымалі на камеру папярэджанні пра дзяцей і елку на 20-е) – і суткі заканчваюцца сёння ў 06.45”, – расказаў палітык.

Між тым а 12:00 яго чакае новы суд у Савецкім РУУС.

“Вялізная падзяка ўсім, хто маліўся і падтрымліваў, сябры. Тым, хто не пабаяўся выйсці за незалежнасць 29 снежня і ў іншыя дні. Тым, хто дасылаў віншаванні (мне іх перадавалі ў камеру пачакамі). Дзякуй тым, хто 30-га і на Новы год запускаў ля Акрэсціна салюты і гукаў “Жыве Беларусь!” Тым, хто яшчэ на сутках і атрымлівае штрафы. Тым, хто перадаваў перадачы і выяўляў салідарнасць. Сукамернікі былі проста агаломшаныя ўзроўнем падтрымкі”, – адзначыў сустаршыня БХД.

Паводле яго, у камеры, дзе ўтрымлівалі палітвязняў, былі вошы, бо перад гэтым там адмыслова трымалі бяздомных. На ўваходзе ў Паўла Севярынца забралі асадкі і стрыжні, а апошнія двое сутак вязні амаль не спалі, бо ў камеру пасадзілі чалавека з белай гарачкай, забралі толькі сёння ноччу пасля чарады скандалаў.

Болей навін