План “А” – адзіны, План “Б” – байкот
Партыйная дэмакратычная апазіцыя нарэшце аб’ядналася – каб правесці народнае галасаванне і вылучыць адзінага лідэра. АГП, ПБНФ, БСДП, Рух за Свабоду, БХД ды іншыя – разам.
Аб’яднанне – гэта вельмі добра.
Упершыню за 25 гадоў у Беларусі пройдуць народныя свабодныя выбары, дзе лічыць галасы будзе не мадам Ярмо, а вы самі.
Любы грамадзянін Рэспублікі Беларусь зможа прагаласаваць.
Сіла дэмакратыі – у вольных выбарах. Каб набраць гэтую сілу, мы два з паловай месяцы будзем езьдзіць па Беларусі (пад 80 гарадоў), зладзім народнае галасаванне ў інтэрнэце і правядзем супольны Кангрэс.
Выбраны лідэр можа стаць лідэрам удзелу, пратэстаў ці байкоту – гэта вырашыцца бліжэй да кампаніі.
Мы ідзем не на спектакль, які рыхтуе сістэма. Мы ідзем ламаць сцэнар рэжыму.
І чым больш шматлюднымі будуць нашыя праймерыз – тым больш людзей выйдзе на пратэсты.
Калі Адзінага не рэгіструюць, калі будуць рэпрэсіі – прадугледжаны актыўны байкот аж да нацыянальнай забастоўкі.
Такім чынам, план “А” – Адзіны, план “Б” – Байкот.
Надзея не на Еўропу, не на Расею, і не на “гранты”. Захад зараз – партнёр Лукашэнкі. Ніякага знешняга фінансавання гэтай кампаніі няма. Беларуская палітыка павінна рабіцца за беларускія грошы.
Працэдура няпростая, але мы пайшлі на яе, каб падраўняць шанцы прэтэндэнтаў – каб усе, хто мог, падпісаліся.
Пастараюся больш выразна патлумачыць, чаму мы ідзем такім шляхам.
Першае.
Выбраць народным галасаваннем у сакавіку-траўні адзінага лідэра апазіцыі – на 26 годзе дыктатуры, у крытычны момант, пад пагрозай расейскага штурму – неабходная ўмова далейшых дзеянняў.
Лукашэнка, Расея, Захад маюць рычагі і інстытуты, каб уплываць на лёс Беларусі. Беларускі народ ня мае. Апазіцыя раздробленая, у жалю вартым стане.
Народнае галасаванне здольнае даць адзінства і сілу. Адчуванне еднасці. Натхненне.
У гэтым сіла дэмакратыі: той, хто удзельнічае ў рашэнні, бярэ на сябе адказнасць і пачынае рабіць. Таму аб’езд 80 гарадоў з галасаваннем і інтэрнэт на працягу двух з паловай месяцаў – гэта нарошчванне сілы. Сёння Слонім прагаласаваў так. Заўтра Маладзечна гэтак. А ты чуў, што апазіцыя сказала ў Гомелі?
Вось чаму гэта не кулуарная дамова (якая правалілася ў 2010 і 2015). Трэба, каб вырашаў народ – бо менавіта ён можа скінуць ярмо і абараніць незалежнасць.
Другое.
Уявіце, што ў траўні, пасьля маніпуляцыяў Пуціна, пачынаецца форс-мажор. Расея, нафта, газ, сацыяльныя пратэсты, у Лукашэнкі здае здароўе альбо Масква ўжывае свае спецслужбы ды салсберэцкія шпілі. Першы, хто скарыстаецца – канечне, Крэмль. Пакуль апазіцыя – дзясятак гаварашчых галоваў, кожная са сваёй адзінай праўдай, дае проста узаемавыключны інфармацыйны шум.
Патрэбны адзіны, альбо прынамсі больш гучны голас. Кампанія дае такую магчымасьць.
Трэцяе.
Кампанія Адзінага ў 2020 – гэта не паўтор папярэдніх. ТРЭБА ЛАМАЦЬ СІСТЭМУ ФАЛЬСІФІКАЦЫЯЎ – і не 30 жніўня, не на Плошчы. Гэта ўжо будзе позна. Ламаць яе трэба загадзя, пачынаць на народным галасаванні увесну. Першае патрабаванне – адстаўка Ярмошынай. Масавы ціск. Атрымліваць пасведчанне кандыдата з рук чалавека, які сфальшаваў усё, што магчыма? Мой адказ – не.
Наступнае патрабаванне народа – няўдзел Лукашэнкі.
Ня мае права. 26 гадоў – і хопіць. Сам казаў: калі людзі запатрабуюць – не пайду. Людзі, давайце патрабаваць! І не толькі ў фэйсбуку! Паўсюль! Лозунг “Няўдзел!” – гэта пра няўдзел Лукашэнкі!
Патэнцыял кампаніі – мільёны беларусаў.
Скажаце, дык хто ж вам дасць… А свабоду не даюць. Яе бяруць. За яе змагаюцца. І не грызней міжсобку, ныццём ці паклёпамі. Разам і дружна.
Таму не задавайце пытанняў – што будзе на “прэзідэнцкіх выбарах”. Выбараў няма. Каб яны былі, і каб 30-га лічылі галасы, нам з вамі трэба будзе падняць людзей, пачынаючы з народнага галасавання ўвесну. Ня ўдасца – ня будзе ніякага плану “А”.
Рэпрэсіі? Нерэгістрацыя Адзінага?
Тады толькі план “Б”.
І вось што, сябры мае, найперш прыхільнікі байкоту ды нацыянальнай забастоўкі. Для таго, каб такія сцэнары мелі хоць нейкія шанцы, трэба з’яднацца і набраць сілу ў народным галасаванні па Беларусі.
Не пытайся, што зробяць “гэтыя”. Спытай сябе – што зробіш ты.
У мяне розныя ўзаемаадносіны з лідэрамі дэмпартыяў. Там розныя людзі. Але яны змаглі дамовіцца, у адрозьненні ад кандыдатаў 2010 і 2015. Нам, беларусам, пара вучыцца са слабасці атрымліваць моц, пераступаючы праз сябе. Гэта хрысціянская навука.
І гэта навука перамогі.
Далучайся – і будзем разам.
Верым, можам, пераможам!
Павел Севярынец