Павел Севярынец. Як зламаць сцэнар фальсіфікацыяў

31 студзеня 2020 14:12  |  Галоўныя навіны

 

Павел Севярынец. Як зламаць сцэнар фальсіфікацыяў

 

 

Нарэшце ў сацсетках пачалося гарачае абмеркаванне па сутнасці справы.

Хтосьці піша, што патрэбны удзел да канца. Хтосьці – што толькі Плошча. Хтосьці – што ігнор, і труп твайго ворага праплыве па рацэ. Хтосьці – што байкот з самага пачатку, і тады рэжым рухне.

Ды ня рухне ён сам па сабе.

Што зараз трэба рэжыму?

Давайце будзем шчырымі: рэжыму трэба падзяліць грамадства на прыхільнікаў удзелу і прыхільнікаў байкоту, і хай валтузяць адно аднаго, каб аж пыл курэў. Каб беларусы займаліся зацятым знішчэннем міжсобку, пакуль рэжым ціхенька абавязвае чыноўнікаў настаўнікаў, дырэктараў чарговы раз зрабіць злачынства, прадугледжанае Крымінальным кодэксам Рэспублікі Беларусь, артыкул 192, санкцыя ад двух да пяці гадоў турмы.

Але ўсе мы хочам вольных, справядлівых і сапраўдных выбараў – і тыя, хто за ўдзел, і тыя, хто за байкот. Праўда? Ці нехта ня хоча? ХОЧУЦЬ УСЕ.

Дык вось.

Давайце разбярэмся.

Ключавы момант кампаніі 2020 года – гэта не пачатак датэрміновых фальсіфікацыяў і нават не асноўны дзень галасавання. Ключавы момант – гэта абвяшчэнне кампаніі і прызначэнне “камісіяў”, якія займаюцца арганізаваным махлярствам.

Менавіта ў гэты момант патрэбны масавы пратэст.

Калі мы моўчкі, ціха і незаўважна ўваходзім у “выбарчы працэс”, пастка захлопваецца. Усё. Можаце трапятацца далей колькі заўгодна, скардзіцца ў прэсе, што “нашых, як заўсёды, не ўключылі”, звяртацца да міжнароднай грамадскасці і нават байкатаваць. Машына злачынстваў запушчаная і зламаць яе, калі яна набрала хаду, на парадак складаней.

Таму: выхад на Плошчу трэба рабіць не тады, калі зладзейства ўжо адбылося. Трэба выходзіць на пратэст і патрабаваць адстаўкі Ярмошынай ды іншых фальсіфікатараў ПРАЗ НЕКАЛЬКІ ДЗЁН пасля абвяшчэння “выбараў”. Гэта абавязаныя рабіць і прыхільнікі ўдзелу, і прыхільнікі байкоту – РАЗАМ. Калі мы хочам вярнуць выбары – РАЗАМ!

Трэба масава падаваць заявы на ўключэньне ў камісіі апазіцыі і незалежных прадстаўнікоў, і рабіць новую хвалю пратэстаў, калі ім адмовяць.

Далоў Ярмо! Ніякага ўдзелу Лукашэнкі! Патрабуем свабодных выбараў – альбо поўны і безагаворачны байкот!

Скажуць, Паша, дык народ у гэты час не гатовы пратэставаць – маўляў, ачомаюцца, расчухаюцца і палітызуюцца толькі падчас агітацыі пад дату “выбараў”.

Вось для чаго народнае галасаванне ўвесну за Адзінага па ўсёй Беларусі, кампанія ў інтэрнэце і яднанне, даражэнькія мае! Для таго, каб народ ачомаўся і быў гатовы абараняць свой выбар!

Што, кажаш, пратэсты ўвесну? Дык могуць жа даць штрафы і суткі…

Могуць. А што вы хацелі? 26 гадоў жыць пры рэжыме і выйсьці з яго ў светлую будучыню проста з зоны камфорту? Проста удзелам? Проста байкотам?..

У беларускага народа больш не засталося іншых законных і мірных спосабаў зламаць сцэнар фальсіфікацыяў, акрамя масавых і настойлівых вулічных пратэстаў напачатку кампаніі, ды зразумейце ж вы нарэшце!

Лепш атрымаць штраф ці пятнаццаць сутак за пратэсты, чым потым наступныя пяць гадоў енчыць у інтэрнэце, што ўсе казлы, усё ня так, ўсё кепска і зноў не атрымалася.

Нашыя продкі пяцьсот гадоў выбіралі на вольных выбарах усіх – ад старастаў і войтаў, паслоў на соймы, бурмістраў – да вялікіх князяў і каралёў.

І з Масковіяй ваявалі, і паміралі за тое, каб выбіраць сваё начальства, а не цару-бацюшку ці ягоным халуям па-халопску боты лізаць.

І пачынаць трэба цяпер. Зараз. Трэба сустракацца з тымі, хто арганізоўвае фальсіфікацыі ў вас у раёне, мястэчку, вёсцы. Яны жывуць сярод нас. Яны такія ж беларусы і грамадзяне. Для іх таксама дзейнічае 192 артыкул Крымінальнага кодэксу. Трэба глядзець проста ў вочы гэтым чыноўнікам, настаўнікам, дырэктарам. Трэба казаць па-людску. Не рабі злачынства. Не крадзі ў народа права выбару. Не забівай будучыню. Не падыгрывай д’яблу. Бог усё бачыць. Ты ж чалавек. 26 гадоў ужо, хопіць! Ты ж можаш адмовіцца.

Што, народ ня выйдзе?

Мне ў снежні таксама хорам казалі, што ня выйдзе.

Так гэта наша з вамі галоўная задача – за некалькі месяцаў патлумачыць людзям, што трэба выйсці – і ламаць сцэнар фальсіфікацыяў. Ня трэба гаварыць, што ня выйдуць. Трэба сціснуць зубы і ісці ужо зараз, чалавек за чалавекам, пераконваць, каб выйшлі. Трэба прыходзіць на народнае галасаванне і там дамаўляцца, як выходзіць РАЗАМ.

І выйдуць тыя, каму гэта сапраўды трэба.

І нас будзе шмат

Верым, можам, пераможам!

Болей навін