Павел Севярынец стаў пераможцам экспертнага апытання БелаПАН "Беларус года — 2019"

31.01.2020, 19:24  |  Галоўныя навіны, Палітыка

Павел Севярынец стаў пераможцам экспертнага апытання БелаПАН "Беларус года — 2019"

 

43-гадовы сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Павел Севярынец стаў пераможцам экспертнага апытання "Беларус года — 2019", праведзенага ў студзені інфармацыйнай кампаніяй БелаПАН.

Севярынец атрымаў 35 балаў (8 першых месцаў, 4 другія, 3 трэція). За першае месца налічаліся 3 ачкі, за другое — 2, за трэцяе — 1.

Другі радок заняў Аляксандр Лукашэнка — 15 балаў (4, 1, 1), трэцім стаў Сцяпан Пуціла, вядучы телеграм-канала Nexта. У яго столькі ж балаў, але горшы паказчык першых месцаў (0, 7, 1).

У першую дзясятку ўвайшлі таксама правадыр паўстання 1863—1864 гадоў Кастусь Каліноўскі, астанкі якога былі перапахаваныя ў Вільнюсе ў лістападзе (13 ачкоў), міністр замежных спраў Уладзімір Макей (9), праціўнікі акумулятарнага завода ў Брэсце (8), былая кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта, спікер Савета Рэспублікі Наталля Качанава, кардыяхірург Сяргей Спірыдонаў і яго брыгада лекараў (па 7), Сяргей Коўган і яго пошукава-выратавальны атрад "Анёл", а таксама старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаур (па 6).

Апытанне было праведзенае сярод 53 вядомых людзей у сферы палітыкі, эканомікі, культуры, медыя і інш. Ім было прапанавана назваць тройку кандыдатаў. Калі рэспандэнт не мог назваць траіх, дазвалялася назваць двух або аднаго, роўна як можна было назваць некалькі прэтэндэнтаў на адно месца.

Сярод удзельнікаў апытання — лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлана Алексіевіч, паэт Уладзімір Някляеў, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў папярэдняга склікання Алена Анісім і Вадзім Дзевятоўскі, дырэктар Цэнтра сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ Давід Ротман, народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, заснавальнік партала tut.by Юрый Зісер, пісьменнік Віктар Марціновіч, старшыня Паралімпійскага камітэта Алег Шэпель.

"Беларусамі года я назваў бы тысячы людзей, якія не пабаяліся выйсці на вуліцы ў абарону незалежнасці ў снежні — а потым атрымалі штрафы і "суткі". Мы з вамі — народ, які можа змагацца і можа перамагаць", — заявіў БелаПАН Павел Севярынец, каментуючы выбар экспертаў.

Цалкам вынікі апытання — у інтэрнэт-газеце БелаПАН Naviny.by ("Белорусские новости").

Упершыню апытанне "Беларус года" было праведзенае ў 2015 годзе. Яго пераможцам стала лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлана Алексіевіч. У 2016-м беларусам года эксперты назвалі аднаго з лідараў апазіцыі Дзмітрыя Дашкевіча, у 2017-м — 16-гадовага першакурсніка Мінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 9 аўтамабілебудавання Віталя Цітова, які выратаваў дзевяцігадовага хлопчыка, што тануў у Свіслачы. Беларусам 2018 года без апытання быў названы заснавальнік інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Алесь Ліпай (пасмяротна).

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН

Навіны па тэме