«Я прымушаю ўлады працаваць». Як жыве актывістка БХД з-пад Віцебска, якую 6 разоў аштрафавалі за сьнежаньскія пратэсты

25 лютага 2020 16:50  |  Грамадства

 

«Я прымушаю ўлады працаваць». Як жыве актывістка БХД з-пад Віцебска, якую 6 разоў аштрафавалі за сьнежаньскія пратэсты

 

 

Алену Янушкоўскую ня любяць чыноўнікі. Для мясцовай улады яна галаўны боль, для вяскоўцаў — аўтарытэт. Жанчына выгадавала шасьцёра дзяцей, а цяпер мае тры групы ў сацыяльных сетках і вядзе канал на YouTube, дзе паказвае, што адбываецца ў вёсках пад Віцебскам. За ўдзел у сьнежаньскіх акцыях за незалежнасьць яе аштрафавалі шэсьць разоў — амаль на 5 тысяч рублёў.

«На акцыях хрыбет ня вытрымаў»

Алена Янушкоўская сустрэлася з карэспандэнтамі Свабоды на другі дзень пасьля выпіскі са шпіталю.

Апошнія некалькі тыдняў Алена правяла ў шпіталі. Выявілася траўма, атрыманая ў юнацтве.

«На акцыях хрыбет ня вытрымаў, — тлумачыць Алена. Зімой яна ўдзельнічала ў акцыях пратэсту супраць інтэграцыі Расеі і Беларусі ў Менску і Віцебску. — Мы вельмі шмат хадзілі па холадзе. Сумка з рэчамі і харчамі на выпадак арышту была на плячы. Пазьней пачаліся болі. Тры тыдні я змагалася самастойна. Урэшце паехала «здавацца».

Алена стала жыве ў Суйкаве — вёсцы за чатыры кілямэтры ад Віцебска. Аднак цяпер часова пераехала да дачкі ў суседнюю Пестуніцу. Яшчэ некалькі тыдняў жанчыне спатрэбіцца, каб ачуняць пасьля шэрагу апэрацый.

«Я ў страі, — усьміхаецца Алена. — Папрасіла доктара на апэрацыі ўзмацніць мяне так, каб мянты аб маю шыю берцы разьбівалі».

Узяла пяць прыёмных дзяцей

Алене 54. Яна нарадзілася ў Віцебску. Займалася гімнастыкай, біятлёнам, акрабатыкай, падчас заняткаў верхавой яздой атрымала траўму, у выніку пра вялікі спорт давялося забыць. Па вышэйшую адукацыю паехала ва Ўладзівасток, дзе паступіла ў Інстытут мастацтваў. Але замест кар’еры акторкі тэатра і кіно занялася бізнэсам. Аднак праз пэўны час не вытрымала ціску з боку дзяржавы.

Пятнаццаць гадоў таму Алена пераехала ў вёску. Разам з роднай дачкой і пяцьцю прыёмнымі дзецьмі.

«Мы жылі ў Лучосе (прыватны сэктар Віцебска. — РС) на адной вуліцы з інтэрнатам для дзяцей з затрымкай псыхічнага разьвіцьця, — апавядае Алена. — Гэта былі аднагодкі маёй дачкі. Яны сталі прыходзіць у наш дом. У школе іх крыўдзілі, там панавала страшная дзедаўшчына. Здараліся сытуацыі, калі ў мяне сэрца не вытрымлівала».

Алена адважылася на прыёмную сям’ю гасьцявога тыпу. Спачатку забірала дзяцей на выходныя і вакацыі. Пазьней яны канчаткова пераехалі да яе. У Лучосе вялікая сям’я не зьмяшчалася, таму жанчына набыла дом на ўскрайку Суйкава, які вяскоўцы называюць «хутарам».

Сёньня дзеці ўжо дарослыя, жывуць у Беларусі, Расеі і Італіі. Алены мае пяцёра ўнукаў.

«Трэба ўпарта дзяўбці іх у цемя. Яны здаюцца і ўсё робяць»

Збольшага дзякуючы Алене ў Суйкаве правялі газ. Яе намаганьнямі сталі даглядаць дарогі, наладзілі належнае вулічнае асьвятленьне. У вяскоўцаў зьявілася чыстая вада.

«11 гадоў майго жыцьця пайшло на водаправод, — расказвае Алена. — Шэсьць гадоў мы біліся за тое, што нам патрэбна вада: былая старшыня сельсавету фальсыфікавала дадзеныя. Яшчэ пяць водаправод будавалі. Пры тым, што гэта была ледзь не адзіная будоўля Віцебскага раёну».

Першай да вады падключылі суйкаўскую школу. Там не было прыбіральні — дзеці бегалі на двор.

«Нельга апускаць рукі, — упэўненая Алена. — Вырашэньне некаторых праблемаў вымагае яшчэ больш часу. Трэба ўпарта дзяўбці іх у цемя — палітыка дзятла. Яны здаюцца і ўсё робяць».

«Дачка купіла ў растэрміноўку тэлефон, і я пачала здымаць»

Раней Алена хадзіла са скаргамі па кабінэтах альбо пісала звароты. Апошнія часта заставаліся без адказу. Ёй дасылалі адпіскі альбо паведамленьні пра тое, што факты не пацьвердзіліся.

«Тады я папрасіла дачку купіць мне ў растэрміноўку тэлефон. І пачала здымаць». Так Алена стала блогеркай. І YouTube-гледачы ўбачылі «Настоящую Беларусь». Ролікі, якія здымае жанчына, набіраюць тысячы праглядаў. — Першапачаткова я стварыла канал, каб выкрыць чыноўнікаў. Відэа — гэта доказ. Мы можам падаць у суд за тое, што нас падманулі. Я стала публікаваць ролікі ў адкрытым доступе. Цяпер, дзякуючы ютуб-каналу магу вырашаць шмат пытаньняў, не выходзячы з дому. Вядома, больш сацыяльнага пляну».

Алена езьдзіць па навакольных вёсках і «дае людзям выказацца».

«Людзі стаміліся баяцца і з задавальненьнем расказваюць, што тут адбываецца», — кажа яна.

«Вада брудная. Яе нават жывёла ня п’е»

Пестуніца, дзе ў доме дачкі часова спынілася Алена, знаходзіцца за 14 кілямэтраў ад Віцебска.

Гэтай вёсцы блогерка прысьвяціла большасьць відэасюжэтаў. Цяпер тут жыве каля трохсот чалавек. Тры гады таму тут закрылі калгас, і людзі засталіся бяз працы.

Цэнтар вёскі — аднапавярховы цагляны будынак. У адным крыле бібліятэка, у другім — кантора. Пестуніца — тэрытарыяльны цэнтар Заронаўскага сельсавету.

У спадчыну ад калгасных часоў у вёсцы засталіся шматкватэрныя двухпавярховікі. Дамы ў надзвычай кепскім стане. Кватэры прыватызаваныя і знаходзяцца на ўласным даглядзе гаспадароў. У асобных кватэрах няма вокнаў. Празхь іх выстуджваецца і таму развальваецца ўвесь дом. Калі ўладальнікаў пустых кватэр знаходзяць праз суд, іх могуць толькі аштрафаваць. Праблему гэта не вырашае — дамы працягваюць разбурацца.

У вёсцы няма газу і маюцца вялікія праблемы з вадой.

«Водаправод стары, яго трэба абавязкова мяняць, — кажа Алена. — Вада з калёнак брудная, яе нават жывёла ня п’е. Сёлета абяцалі толькі заяўку зрабіць, каб унесьці нас у праект «чыстай вады». Цяпер хто са студні ваду бярэ, хто з крыніцы.

З інфраструктуры ў вёсцы — фэльчарска-акушэрскі пункт і пошта, якую зьбіраюцца закрыць.

Паштальёнка прыяжджае з Заронава. Аднак транспарт ходзіць рэдка і ў жанчыны здараецца перапрацоўка, якую ёй ніхто матэрыяльна не кампэнсуе. Пасьля паленьня ў печы пажарныя патрабуюць знаходзіцца ў будынку ня менш за тры гадзіны. Гэта другая перапрацоўка. У такіх умовах паштальёнка адмаўляецца працаваць.

Вёска можа застацца бяз пошты

У вёсцы пошта патрэбна, сьцьвярджаюць месьцічы. Тут дадаткова можна набыць неабходныя тавары. Крама ў Пестуніцы не працавала з красавіка 2019-га. Намаганьнямі Алены і месьцічаў неўзабаве яна мусіць адкрыцца.

«Я змагаюся за тое, каб сюды пусьцілі прыватнікаў, — кажа Алена. — Цэны ў райпа атамныя. Чаму вяскоўцы, якія атрымліваюць мізэр, мусяць плаціць больш, чым гараджане? Хлеб сюды прывозілі гарадоцкі. Такі, што яго нават козы ня елі. Больш за тое, гэта эканамічна нявыгадна. Я падняла гэтае пытаньне — сталі прывозіць віцебскі хлеб».

Некалькі разоў на тыдзень у вёску прыяжджае аўтакрама. Але яна не закрывае ўсіх патрэб.

«У халады садавіну і гародніну яны стараюцца не вазіць. То тытуню няма, то хлеба не хапае. Затое гарэлка заўсёды ёсьць», — кажа Алена.

Па больш сур’ёзную мэдыцынскую дапамогу вяскоўцы мусяць зьвяртацца ў Віцебск. Працу шукаюць таксама ў Віцебску. Аднак дабірацца да горада становіцца ўсё цяжэй.

«Расклад не мяняюць гадамі, рэйсы адмяняюць без папярэджваньня, павялічваюць інтэрвалы паміж імі. Маршрутку хацелі зьняць. Аднак адным пастом, дзе я расказала аб званках у розныя інстанцыі, усё вырашылася. І маршрутку пакінулі», — кажа Алена.

Гэтаксама адстаялі школьны аўтобус, які хацелі забраць, таму што ён не абсталяваны рамянямі бясьпекі і ня жоўтага колеру.

«Мясцовым уладам не падабаецца, што я тут раблю»

Назву Пестуніцы можна замяніць любой зь дзясяткаў навакольных вёсак — праблемы ў кожнай прыблізна аднолькавыя. Людзі зьвяртаюцца да Алены з усяго раёну.

«Мясцовым уладам не падабаецца, што я тут раблю. Я прымушаю іх працаваць. Яны прызвычаіліся сядзець і нічога не рабіць, — камэнтуе Алена. — Вяскоўцы забітыя. Ня могуць за сябе пастаяць. Яны самыя прыгнечаныя і бяспраўныя людзі ў нашай дзяржаве».

Блогерка кажа, што вяскоўцаў проста запужаць і адмовіцца ад ініцыятывы, бо яны ня ведаюць сваіх правоў.

«Зьвярнуліся да мяне жыхары Суйкава, у іх залівала дамы, — прыводзіць прыклад Алена. — Пакуль я пад скаргай зьбірала подпісы, сьледам ішла былая старшыня сельскага савету і застрашвала людзей. Яны напісалі адмову, маўляў, усё добра. У выніку гэтай зімой вада затапіла і дамы, і дарогу».

Наперадзе яшчэ шмат працы. Людзі жывуць у зоне рызыкоўнага земляробства. Разрастаецца баршчэўнік. Вясковыя гаспадаркі наведваюць лясныя драпежнікі. Растуць зграі бяздомных сабак, якіх пазбаўляецца Віцебск. Яны палююць на свойскіх жывёлаў і птушак.

«Цікава мы тут жывём», — сумна ўсьміхаецца Алена. І дадае, што мясьціны вакол прыгожыя. У азёрах шмат рыбы, у лясах — ягад і грыбоў. Пры разумным падыходзе можна было б засяродзіцца на турызьме. Аднак у людзей нічога няма, і кола замыкаецца.

«Яны наіўна спадзяюцца на тое, што мы здамося»

За ўдзел у зімовых акцыях супраць інтэграцыі Алену асудзілі ўжо 6 разоў. Па стане здароўя яна не магла прысутнічаць на судах. Апошні суд адбыўся 18 лютага. За заклік выходзіць на плошчу ў падтрымку незалежнасьці краіны, а па сутнасьці, за рэпост аб’явы пра акцыю ў Менску 29 сьнежня, Алену аштрафавалі яшчэ на 810 рублёў.

Агульная сума штрафаў цяпер складае 175 базавых. Гэта амаль 5 тысяч рублёў.

Пакуль Алена ня можа ўладкавацца на працу. Хаця склаўшы рукі сядзець не прывыкла. Пасьля закрыцьця ІП (разам з дачкой мела крамку ў адным з гандлёвых цэнтраў Віцебску) працавала прыбіральніцай. Аднак пералом нагі і доўгая рэабілітацыя прымусілі звольніцца. У пасудамыйкі Алене не дазволілі пайсьці мэдыкі. Гэта праца з хімічнымі сродкамі, а Алены мае астму. І эмфізэму лёгкіх, аднак групу інваліднасьці жанчыне не даюць.

«Цяпер я жыву за кошт дачкі. Падам дакумэнты на МРЭК. Калі мне адмовяцца даць групу, буду падаваць на дзяржаву ў суд. За тое, што мяне пазбаўляюць права на жыцьцё», — кажа Алена.

Каб дапамагчы Алене выплаціць штраф, адкрылі збор сродкаў на краўдфандынгавай плятформе MolaMola. На момант публікацыі сабрана 1440 рублёў. Судоў Алена не баіцца. Нявыплаты таксама. Паводле блогеркі, у яе няма чаго забіраць. І спыняцца Алена не зьбіраецца.

«Пакуль існуе пагроза незалежнасьці краіны, я буду выходзіць і заклікаць да гэтай справы людзей. Я выконвала свой канстытуцыйны абавязак, а мяне за гэта штрафуюць. Штрафамі ўлада вырашыла закрыць нам, блогерам, рот. Аднак гэтым толькі павялічвае аўдыторыю. І наіўна спадзяецца, што мы здамося».

Алена таксама зьбіраецца пашыраць свой ютуб-канал. Плянуе працаваць па ўсёй краіне, расказваць асобна пра сябе, пра палітыку, пра сапраўднае жыцьцё.

«Я крыху ачуняю — і зноў пачну здымаць. Надвор’е сама тое, каб паказаць гэтыя жахі», — кажа яна.

Радыё Свабода

Болей навін