Павел Севярынец зарэгістраваны кандыдатам для ўдзелу ў праймерыз

04 сакавіка 2020 16:11  |  Галоўныя навіны

Павел Севярынец зарэгістраваны кандыдатам для ўдзелу ў праймерыз

 

У апазіцыйных праймерыз для вылучэння адзінага кандыдата на прэзідэнцкія выбары возьме ўдзел пяць кандыдатаў. Пра гэта было заяўлена 4 сакавіка на прэс-канферэнцыі ў офісе «Руху за свабоду», паведамляе карэспандэнт belsat.eu.

Як паведамілі прадстаўнікі штабу адзінага кандыдата, прэтэндэнтамі для ўдзелу ў праймерыз зацверджаныя сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец, старшыня Сацыяльна-хрысціянскага руху Вольга Кавалькова, старшыні «Руху за свабоду» Юрась Губарэвіч, Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў і намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая не была зацверджаная кандыдатам для ўдзелу ў праймерыз.

Аляксей Сігаеў з БСДП(Г), які выконвае абавязкі каардынатара штабу адзінага кандыдата, паведаміў, што пры галасаванні паводле кандыдатуры Ганны Канапацкай не было дасягнута кансэнсусу. Паводле яго, яе не падтрымалі некалькі ўдзельнікаў праймерыз.

Фармальнымі падставамі сталі неадпаведнае афармленне пададзеных подпісаў. Адрас рэгістрацыі не мелі 41 подпіс. Тры подпісы былі ад людзей, якія нарадзіліся ў 2020 годзе.

«На жаль, дзейнасць Ганны Канапацкай не была накіраваная на ўмацаванне даверу. Тут можна ўзгадаць яе публічныя заявы, а таксама пагрозы, якія яна дасылала ў штаб адзінага кандыдата», – падкрэсліў Аляксей Сігаеў.

Не падтрымалі кандыдатуру Ганны Канапацкай прадстаўнікі АГП і БСДП(Г).

Кожнаму зарэгістраванаму кандыдату выдадуць адмысловыя пасведчанні.

Байкот у выпадку нерэгістрацыі ці рэпрэсіяў

Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі адзначыў, што незалежна ад таго, хто стане адзіным кандыдатам, арганізацыі-ўдзельніцы праймерыз дамовіліся праводзіць супольную кампанію нават пасля дня выбараў. У якасці патрабаванняў да выбараў апазіцыя высоўвае звальнення старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай і пакарання ўсіх фальсіфікатараў.

Віталь Рымашэўскі заклікаў грамадзянаў да актыўнага ўдзелу ў назіранні, працы ў камандзе адзінага кандыдата, падтрыманні праграмы рэформаў, у мірных акцыях пратэсту і іншых негвалтоўных метадах выказвання сваёй пазіцыі.

У выпадку нерэгістрацыі адзінага кандыдата кампанія будзе заклікаць не падтрымліваць ніякіх іншых кандыдатаў і да байкоту выбараў. Такі ж сцэнар прадугледжаны ў выпадку масавых рэпрэсіяў у дачыненні да каманды кандыдата, адзначыў сустаршыня БХД.

Пасля выбараў, у выпадку адсутнасці афіцыйнай перамогі апазіцыйнага кандыдата, плануецца заклікаць да нацыянальнага страйку з мэтай правядзення свабодных і незалежных выбараў.

Паводле палітыка, усё незалежнае грамадства можа далучыцца да фармавання праграмы адзінага кандыдата. Прапановы да праграмы можна дасылаць да канца сакавіка. Праграма будзе прынятая на Кангрэсе, які пройдзе 31 траўня.

«Падчас правядзення агітацыі і правядзення выбарчай кампаніі грамадзяне здолеюць не толькі падтрымаць адзінага кандыдата, але і далучыцца да патрабаванняў рэфармавання важных для жыцця кожнага беларуса сфераў», – заявіў Віталь Рымашэўскі.

Ён падкрэсліў, што галоўныя мэты кампаніі – падтрыманне адзінага кандыдата абсалютнай большасцю насельніцтва Беларусі, каб змяніць уладу ў Беларусі.

У рэгіёнах Беларусі пройдзе 56 сустрэчаў

Прадстаўнік «Руху за свабоду» Віктар Янчурэвіч паведаміў, што да 15 траўня плануецца правесці 56 сустрэчаў у розных гарадах Беларусі. Ужо на гэты тыдзень выпадаюць 6 сустрэчаў, з іх першая 6 сакавіка – у Гарадку. 7 сакавіка сустрэчы пройдуць у Віцебску і Наваполацку, 8 сакавіка – у Мёрах, Шаркаўшчыне і Паставах.

«Мы просім грамадзянаў прыходзіць на сустрэчы з пашпартамі, каб не дубляваліся галасы і не было каруселяў і магчымасцяў для фальсіфікацыяў», – адзначыў ён.

Паводле яго, у рэгіёнах змогуць прагаласаваць да 10 сакавіка толькі жыхары тых гарадоў, у якіх будуць праходзіць сустрэчы. Пасля 10 сакавіка – таксама жыхары суседніх мясцовасцяў. На сустрэчы зможа любы грамадзянін. У Менску сустрэчы пройдуць напярэдадні Дня Волі, Чарнобыльскага шляху і 12 траўня.

Прэзентаваць платформу для онлайн-галасавання ўдзельнікі праймерыз пакуль не гатовыя. Вядома толькі, што верыфікацыя ўдзельнікаў онлайн-галасавання будзе адбывацца па нумары зарэгістраванага ў Беларусі тэлефона.

27 студзеня шэраг апазіцыйных структураў (Рух «За Свабоду», АГП, БСДП, партый БХД і БНФ) правялі супольную прэс-канферэнцыю, на якой абвясцілі пра пачатак працэдуры абрання адзінага кандыдата ў прэзідэнты.

Агульны кандыдат будзе абраны паводле чатырох складнікаў: галасавання пад час паездак у рэгіёнах (30 балаў), галасавання ў інтэрнэце (30 балаў), галасавання на выніковым Кангрэсе дэмсілаў (30 балаў). Яшчэ 10 балаў падтрымкі размяркуюць паміж удзельнікамі структуры, якія арганізуюць працэдуру.

МГ belsat.eu

Болей навін