Кавалькова: Беларусь павінна перастаць купляць нафту толькі ў Расеі

06 сакавіка 2020 09:53  |  Палітыка

Кавалькова: Беларусь павінна перастаць купляць нафту толькі ў Расеі

 

Беларусь павінна перастаць купляць нафту толькі ў Расеі, бо гэта, перш за ўсё, пытанне яе нацыянальнай бяспекі.

Адпаведнае меркаванне ў эксклюзіўным каментары карэспандэнту «Политринга» выказала сустаршыня аргкамітэту партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Вольга Кавалькова.

Палітык нагадала, што Беларусь ужо не першы раз купляе нафту ў Азербайджане.

«Правільна пазбаўляцца залежнасці ад аднаго манапольнага пастаўшчыка. Гэта пытанне нацыянальнай бяспекі. Неабходны перагляд канцэпцыі энергетычнай бяспекі, і я выступаю за выкарыстанне альтэрнатыўных шляхоў дастаўкі вуглевадародаў. Не так важна – будзе гэта 20% або 50% ад агульнага імпарту. Галоўнае, каб гэтыя шляхі былі настроеныя, мы мелі адпаведныя запасы паліва на выпадак крызісу і ўскладнення стасункаў з адным пастаўшчыком, і маглі яго аператыўна замяніць на альтэрнатыўныя пастаўкі», – акрэсліла сваю пазіцыю Кавалькова.

Суразмоўніца «Политринга» акцэнтавала ўвагу на тым, што патрэбы ўнутранага рынку ў 3-4 разы менш таго, што Беларусь імпартуе з Расеі.

«Аднак асноўная праблема заключаецца ў напаўненні бюджэту і выпадзенні даходаў ад экспарту прадуктаў нафтаперапрацоўкі. Выхадам з гэтага з’яўляюцца структурныя рэформы і адмова ад датацый стратным прадпрыемствам, развіццё малога і сярэдняга бізнесу, прыцягненне замежных інвестыцый. Я выступаю за празрыстыя прагматычныя адносіны Беларусі з Расіяй, а не кулуарныя дамоўленасці наконт таго, ад якой часткі суверэнітэту трэба заплаціць 2% прэміі ад цаны на нафту», – дадала яна.

Кавалькова падкрэсліла, што існуе сусветны рынак, у адпаведнасці з цэнамі на якім Беларусь павінна выбіраць пастаўшчыкоў.

«Калі зараз ніхто не прапануе цану ніжэй, чым у Расіі, нават з 2% прэміі, трэба набываць гэтую нафту. Тым больш, за час адсутнасці паставак і апошняй нафтавай вайны Аляксандра Лукашэнкі з Крамлём, беларускі бюджэт ужо страціў мільёны даляраў», – падагульніла яна.

Нагадаем, што нафтавая кампанія Азербайджана SOCAR 5-6 сакавіка адправіць танкер з нафтай для Беларусі.

Болей навін