Віталь Рымашэўскі запатрабаваў увесці каранцін у навучальных установах

13 сакавіка 2020 11:51  |  Галоўныя навіны

 

Віталь Рымашэўскі запатрабаваў увесці каранцін у навучальных установах

 

 

Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі запатрабаваў ад уладаў Беларусі ўвесці каранцін у навучальных установах, татальны кантроль на каранавірус на мяжы ды абмежаваць авіязлучэнні з эпіцэнтрамі захворвання.

“Эпідэмія каранавірусу набірае моц па ўсім свеце. Аднак, нягледзечы на гучныя заявы, улады Беларусі не прымаюць нават элементарных мераў , каб зменшыць эпідэмію. Нават улады РФ робяць болей для аброны людзей, чым беларускія. Калі іншыя краіны спыняюць авіязлучэнні, дык, насуперак афіцыйным заявам, належны кантроль ў беларускіх аэрапартах адсутнічае. Да прыкладу, у аэрапорце правяралі толькі людзіей, якія прыляталі з Італіі наўпроставымі рэйсамі. Беларусы, што прыляцелі з Італіі праз перасадкі, самі доўга дабіваліся, каб ў іх узялі аналіз ў аэрапорце”, – адзначыў ён.

“У еўрапейскіх краінах абвяшчаецца каранцін у навучальных установах, а ў Беларусі, нават калі хварэюць студэнты, ВНУ працягвае працу… Колькасць захварэлых замоўчваецца ўладамі. Інфармацыю пра новыя выпадкі часцяком пацвярджаюць толькі пасля, таго, як яна з’явіцца ў сацсетках. Неабходна неадкладна ўвесці каранцін у навучальных установах, татальны кантроль на каранавірус на мяжы, абмежаваць авіязлучэнні з эпіцэнтрамі захворвання. Трэба прыняць захады, якія ўжо ўвялі цывілізаваныя краіны свету, каб абмежаваць эпідэмію, бо пазбегнуць яе не зможа не адна краіна свету – гэта відавочна”, – падкрэсліў Віталь Рымашэўскі.

Таксама палітык заклікаў адмовіцца ад святкавання Дня волі ў фармаце мітынгу-канцэрту 22 сакавіка дзеля бяспекі для здароўя людзей.

Болей навін