Вольга Кавалькова: Улады не павінны абраць зручнага для сябе кандыдата ад апазіцыі

01 красавіка 2020 14:22  |  Галоўныя навіны

Вольга Кавалькова: Улады не павінны абраць зручнага для сябе кандыдата ад апазіцыі

 

Прэс-служба Беларускай хрысціянскай дэмакратыі паразмаўляла з сустаршынёй БХД і лідаркай Сацыяльна-хрысціянскага руху Вольгай Кавальковай адносна яе ўдзелу ў праймерыз і самой гэтай працэдуры.

– Вольга. Разумею, што размова планавалася трошкі не пра гэта. Але каранавірус – гэта тое, што найбольш хвалюе сёння беларусаў. Як вы лічыце, што трэба рабіць у Беларусі ў сітуацыі з распаўсюдам каронавіруса?

– Я, як і многія беларусы, не давяраю афіцыйнай статыстыцы і словам Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што каранавіруса ў нас няма, а лячыцца трэба гарэлкай, лазняй, трактарам і хакеем. Я заклікаю беларусаў быць больш адказнымі, чым дзейная ўлада і абіраць самаізаляцыю. Больш быць дома, старацца не выходзіць лішні раз на вуліцу, калі і сустракацца з сябрамі – то толькі анлайн, не ездзіць за мяжу. Такімі простымі дзеяннямі мы зможам прыпыніць распаўсюд эпідэміі ды знізіць нагрузку на медыкаў, якія сёння знаходзяцца ў складаных умовах. Калі гэтага не разумеюць улады – гэта павінны зразумець мы.

Вольга Кавалькова: Улады не павінны абраць зручнага для сябе кандыдата ад апазіцыі

 

– Дзякуй за адказ. І пяройдзем тады да асноўнай тэмы размовы. Чаму вы засталіся ў праймерыз і працягваеце ў ім удзельнічаць?

– Пасля адмовы ад удзелу ў народным галасаванні Паўла Севярынца, не бачу такога рашучага і адказнага лідара сярод іншых прэтэндэнтаў. Лідара, які будзе разам з народам на Плошчы патрабаваць справядлівых, сумленных і свабодных выбараў.

Таксама я лічу вартым адстойваць ідэалы і прынцыпы хрысціянскай дэмакратыі, не ўдаючыся ў залішні лібералізм і захоўваючы здаровы кансерватызм у сацыяльнай сферы і эканоміцы.

Ну і, вядома, улады не павінны вызначаць прозвішча кандыдата, які будзе прадстаўляць  дэмакратычныя сілы ў бюлетэні для галасавання. Таму мая задача – перашкодзіць гэтаму, прыцягнуць у галасаванне як мага больш людзей, якія выступаюць за перамены. Мы павінны зламаць сцэнар уладаў.

Што вы думаеце пра ўмяшанне ўладаў у народнае галасаванне ў Брэсцкай вобласці?

 

Вольга Кавалькова: Улады не павінны абраць зручнага для сябе кандыдата ад апазіцыі

 

 

 

Улады не павінны умешвацца, маніпуляваць і вызначаць, хто будзе лідарам перамен і адзіным кандыдатам у прэзідэнты ад апазіцыі. Тое, што адбылося ў Драгічыне, Пінску і Століне, для мяне з’яўляецца непрымальным. Лічу, што не трэба ўлічваць вынікі галасавання ў гэтых гарадах. Мы выбіраем лідара пераменаў, а не чыноўніка на працу ў вертыкалі ўлады. Людзі, якія гадамі фальсіфікуюць выбары, не павінны абіраць спарынг-партнёра для Лукашэнкі. 

Зараз мы арганізоўваем анлайн-галасаванне. Заклікаю ўсіх падтрымаць маю кандыдатуру. Лічу важным не дапусціць, каб улады вызначалі, хто будзе прадстаўляць прыхільнікаў перамен у бюлетэні для галасавання. Чым больш будзе нас – праціўнікаў уладаў, чым больш рашуча мы будзем галасаваць і адстойваць свае галасы, тым менш шанцаў будзе ў чыноўнікаў скрасці наш выбар.

– Чаму вы ўвогуле ўдзельнічаеце ў выбарах, калі загадзя вядома, што іх сфальсіфікуюць?

– Як хрысціянская дэмакратка, як праваслаўная хрысціянка, я веру ў тое, што кожны чалавек можа пакаяцца ў сваіх злачынствах і адмовіцца ад згубнага шляху. Аляксандру Лукашэнка ўжо амаль 66 гадоў, і час задумацца аб тым, што ён пакіне пасля сябе, у якой краіне будуць жыць яго дзеці і што напішуць у падручніках па гісторыі пра першага прэзідэнта незалежнай Беларусі. Ці гэта будзе расповед пра дыктатара, які за 26 гадоў зруйнаваў сваю краіну і амаль знішчыў беларускую мову, культуру, адукацыю і эканоміку ды ўвогуле паставіў на кон незалежнасць краіны. Ці гэта будуць радкі пра чалавека, які, урэшце, асэнсаваў, што час сысці, і мірна перадаў уладу. Выбар, безумоўна, за ім.

Калі ж зноў выбары будуць сфальсіфікаваны, я гатовая ўзначаліць мірны пратэст. Толькі выхадам на Плошчу і мірным пратэстам мы можам адхіліць дыктатара, калі іншыя механізмы змены ўлады не працуюць. Пакуль мы бачым, што ўлада чуе толькі тых, за кім ёсць сіла і рашучасць. Некалькі дзясяткаў матуль з 328 прымусілі ўлады вызваліць іх дзяцей і змяніць заканадаўства. Некалькі соцень чалавек на вуліцах Брэста здолелі спыніць адкрыццё акумулятарнага завода. Я ўпэўнена, што калі нас будуць сотні тысяч на вуліцах гарадоў, гэты калос на гліняных нагах пахіснецца і разваліцца. У нас будзе новы прэзідэнт, якая выведзе краіну з тупіку.

Вольга Кавалькова: Улады не павінны абраць зручнага для сябе кандыдата ад апазіцыі

 

– Але ці здольныя вы стаць тым самым лідарам пратэсту?

– У 2017 годзе фактычна большасць апазіцыйных лідараў, якія былі здольныя арганізаваць пратэст супраць дармаедскага дэкрэта, былі кінутыя на суткі перад Днём Волі. Адбыўшы арышт за пратэсты ў Маладзечне, 25 сакавіка я зноў выйшла разам з іншымі беларусамі на вуліцы Менску. Мы паказалі рэжыму Лукашэнкі, што беларусы прагнуць свабоды і будуць адстойваць свае правы мірным  пратэстам. І мы перамаглі – дармаедскі дэкрэт практычна адменены.

У 2019 годзе, калі лідара снежаньскіх пратэстаў Паўла Севярынца кінулі за краты, я не адседжвалася ў цёплай утульнай кватэры, а таксама была разам з тымі, хто выйшаў на вуліцы Менску і для каго наша незалежнасць з’яўляецца галоўнай каштоўнасцю.

Хацелася б, каб на пратэстах былі больш заўважаныя і іншыя кандыдаты-ўдзельнікі праймерыз, але пакуль з нас траіх мужчынскую працу даводзілася рабіць перадусім мне – адзінай жанчыне.

 

Вольга Кавалькова: Улады не павінны абраць зручнага для сябе кандыдата ад апазіцыі

 

 

 

А што будзе з Аляксандрам Лукашэнка ў выпадку, калі вы станеце прэзідэнтам?

Мы не банда, якая захапіла ўладу незаконна і будзе чыніць самасуд,  распраўляцца са сваімі апанентамі. Я, як юрыст, лічу, што ў краіне павінна быць верхавенства закона. Наша задача пабудаваць прававую дзяржаву, таму ступень адказнасці і пакаранне Аляксандру Лукашэнка павінен вызначаць незалежны суд.

– Ну і, больш філасофскае пытанне. Ці не лічыце  вы, што палітыка гэта мужчынская справа, асабліва ў Беларусі?

Думаю, што менавіта зараз жанчына на пасадзе прэзідэнта здолее правесці рэформы, якія не зруйнуюць сацыяльную сферу і створаць умовы для эканамічнага росту, стварэння новых працоўных месцаў з годнымі заробкамі. Так, Нямеччына падчас кіравання канцлеркі Ангелы Мэркель мае адну з самых магутных, дынамічных і ўстойлівых эканомік ў свеце. Зараз жа падчас пандэміі каранавіруса нямецкая сістэма аховы здароўя спраўляецца найлепш за іншыя еўрапейскія краіны. У 1980-я «жалезная ледзі» Маргарэт Тэтчэр правяла паспяховыя эканамічныя і палітычныя рэформы ў Вялікабрытаніі, якія вывелі краіну з крызісу. 

З гісторыі мы ведаем выпадкі, калі менавіта жанчыны аб’ядноўвалі грамадства і станавіліся ў першыя шэрагі барацьбы за незалежнасць сваёй Радзімы. Цяжка пераацаніць ролю Жанны Д’Арк у барацьбе за незалежнасць і адраджэнне Францыі. З беларускага мінулага можна прыгадаць Рагнеду, якая адрадзіла Полацкае княства, дзяржаўную і царкоўную дзяячку Ефрасінню Полацкую, слуцкую княгіню Анастасію, якая абараніла горад ад ворага, адну з кіраўніц вызвольнага паўстання 1831 года Эмілію Плятэр, адну з лідарак БНР Палуту Бадунову ды іншых.

Я ўпэўненая, што час жанчын бараніць Беларусь прыйшоў і сёння.

Болей навін