Канстатацыя

17 красавіка 2020 17:56  |  Блог Таццяны Севярынец

Канстатацыя

 

Менавіта ініцыятыва «За якасную медыцыну ў Віцебску»яшчэ ў 2014-м распачала паходы па кабінетах віцебскіх чыноўнікаў і пачала дамагацца, каб улады звярнулі ўвагу на стан медыцынскага абслугоўвання ў абласным цэнтры. Граматны галоўны доктар горада Станіслаў Цітовіч, абцяжараны аптымізацыяй медабслугоўвання вобласці галоўны спец Юры Дзеркач (быў яшчэ да нядаўняга часу), 6 дактароў у складзе Віцебскага гарсавета (да 2018-года)- усе яны давалі нам няўцямныя адказы на нашыя шматлікія «чаму?» і «калі?».

Мы ў кабінеты чынуш з’яўляліся як на працу, нам ўжо быў выстаўлены дыягназ » чарговае абвастрэнне». Але, паколькі мы прынеслі па ўсім накірункам агулам каля 10000 подпісаў, рэагаваць павінны былі. Замест планаванага паліклінічнага комплекса ў м-нах Білева з’явілася амбулаторыя для дарослых, зусім нядаўна адчыніла свае дзверы амбулаторыя для дзяцей – 4-6 гадоў аббівання парогаў, у м-не Поўдзень-7а вырасла прыгожая сучасная паліклініка-3 гады аббівання парогаў, кампутрызаваныя чэргі, пошукі лекаў, аналізы без уласных шпрыцоў, рамонт інфекцыёнкі-1-е аддзяленне – гэта ўсё подпісы, подпісы, паходы.

 

Канстатацыя

 

 

 

Праблем яшчэ заставалася зашмат: тэрміновы рамонт 1-й кардыялогіі на Камуністычнай, капітальны рамонт гінекалогіі на Хмяльніцкага чакаюць будаўнічыя краны ўжо 7 гадоў(!!!), недахоп медыкаў увогуле, вузкіх спецыялістаў у прыватнасці, састарэлае медыцынскае абсталяванне, адсутнасць апаратаў МРТ, ламаныя ложкі… З гэтым усім неаднаразова звярталіся да чыноўнікаў рознага ўзроўню. Няма грошай!- такі быў звычайны адказ пасля пераліку таго, што зроблена ў галіне медыцыны. Мы тыкалі пальцам, дзе грошы падаткаплацельшчыкаў, якія можна было б накіраваць на вырашэнне праблем. Гэта і прастоі тэхнікі на будаўнічых пляцоўках, гэта штогадовая ў адным і тым жа месцы замена тратуарнай пліткі ці штогадовыя рамонты лесвіцы на Успенку, гэта пахабныя тапіярыі па горадзе ці ў рост чалавека вазоны з ссохлымі туямі на плошчы Перамогі, гэта бясконцыя рамонты кабінетаў чынуш, гэта нахабныя праекты па знішчэнні гістарычнай спадчыны горада… І ўжо ўтойванне інвестыцыйных планаў горада і вобласці, бо гадоў 5 запар яны не выконваліся і на 50%, а грошы знікалі ў невядомым накірунку…

Але вось прыйшоў час – яго ніхто не чакаў – пандэмія. Страшная і бязлітасная. Ні горад Віцебск, ні вобласць да яе аказаліся татальна не гатовымі: усе тыя праблемы, на якія мы ўказвалі, а ўлады адмахваліся, сталі прычынамі таго, што катастрафічна не хапае сродкаў абароны, лекаў, памяшканняў для хворых, дактароў, сярэдняга медыцынскага персаналу, апаратаў дыягностыкі і дапамогі дыхаць. Каб не жыхары Віцебска, якія ледзь не адразу кінуліся хто маскі шыць хоць і рукамі, хто грошы збіраць, закупаць і развозіць па бальніцах неабходнае, хто шчыткі друкаваць на 3D прынтэрах, хто дактароў карміць і г.д., ужо наступіў бы калапс….

 

Канстатацыя

 

 

 

Дык спадарства чынавенства, да людзей трэба прыслухоўвацца, людзей трэба берагчы і шанаваць, без людзей вы нулі голыя. Забылі, пра што мы вам увесь час нагадваем? Слугі вы народу! А як народ абыходзіцца зараз без вас – і каранцін абвесцілі самі, і на самаізаляцыю сышлі, і лекараў забяспечваюць, то за што вы грошы атрымліваеце? Ніякі каранцін і ніякі крызіс вас не кранае? Горшыя з горшых паселі ў чыноўнічыя крэслы… Апошнія часы дажываеце….

Болей навін