Ліквідатар Лявон Грышук: Бог пакінуў мяне ў жывых, каб я сведчыў

30 красавіка 2020 17:19  |  Галоўныя навіны

 

Ліквідатар Лявон Грышук: Бог пакінуў мяне ў жывых, каб я сведчыў

 

 

Гадавіна Чарнобыля. Пандэмія каронавіруса. Дзве чорныя бяды.

Усё вельмі падобна – як і трыццаць чатыры гады таму. Нябачная катастрофа, гераізм людзей і хлусня уладаў.

 “Крыніца” ўзяла інтэрвію ў чарнобыльскага ліквідатара, евангельскага веруючага з царквы “Ян Прадвеснік”, мастака, хрысціянскага дэмакрата Лявона Грышука.

Спадар Лявон, распавядзіце, калі ласка, калі і як Вы апынуліся ў Чарнобыльскай зоне?

Недзе праз месяц пасля аварыі на станцыі прыйшла павестка – я ж быў ваеннабавязаны. Выклікалі, патлумачылі, што ў зоне аварыі чалавек захварэў, а замяніць няма кім, і ён зможа ехаць дахаты толькі тады, калі прыедзе змена. Усё, маўляў, залежыць ад мяне. Так і паехаў.

А дзе, у якім месцы вы былі?

Людвінава на Гомельшчыне. Зараз гэта адселеная вёска. Як прыехалі, балела горла, казалі, шчытападобная залоза. Паласкаў горла фурацэлінам, не дапамагала. Мне казалі, хай набярэ радыяцыі, перастане балець.  Балець перастала, але радыяцыі, вядома, схапіў. Займаўся дэзактывацыяй тэхнікі, якая працавала ў зоне аварыі. Замяралі, мылі машыны, вада сцякала ў спецыяльна вырытую яму. Пасля замяралі, вада фаніла, капалі новую яму.

А потым?

А потым сам Чарнобыль. Мёртвы горад Прыпяць. Зайшлі з напарнікам, а там звычайны горад, толькі пусты. Арэлі на дзіцячай пляцоўцы гайдаюцца. Зайшлі ў адну кватэру, было не замкнёна, а там адзенне, абутак, усё – як быццам гаспадары адлучыліся і зараз вернуцца. Людзям казалі, едзеце на тры дні, вернецеся. Яны не вярнуліся ўжо ніколі. Сандалікі дзіцячыя памятаю. Сшытак з алоўкамі на стале. Толькі правядзеш пальцам – слой пылу. Ужо тады я сказаў напарніку – слухай, нешта тут не тое, нам не ўсё гавораць.

І Вас адправілі працаваць на разбураны чацвёрты энэргаблок?

Так. Нас выклікалі скідваць з даху станцыі ў рэактар графіт… На даху было ад 20.000 да 30.000 рэнтгенаў. У нямецкіх робатаў ад радыяцыі праз пяць хвілінаў перагаралі мікрасхемы. Таму паслалі людзей. Генерал, які загадваў працай, разумеў, што пасылае людзей на смерць, і змагаўся з начальствам за часавы нарматыў – колькі хвілінаў чалавек можа прабыць на тым даху. Ён знізіў да дзьвюх хвілінаў. Проста ўратаваў людзей. Зрэшты, радыяцыя там была такой моцнай, што да сёння з тых, хто быў у нашай партыі, з ласкаі Божай застаўся жывы толькі я.

Што вы рабілі?

Першае, рыхтаваліся. Каскі, рэспіратары… Выдалі нам лісты свінца, самі рабілі такія пласціны, абараняць цела ад выпраменьвання. І трусы свінцовыя рабілі, на завязачках. Але дзе там, кожны атрымаў апраменьванне. Першы раз мы пайшлі на дах учатырох. Шлях праз усю станцыю па стрэлачках: дзе можна пешкі, дзе толькі бягом, дзе перадыхнуць можна. Генерал сядзеў  на станцыі, у пакоі, закладзеным мяшкамі, відаць, са свінцовым дробам, ад падлогі да столі, і паказваў на экране дах станцыі. Бачыце, вунь лом, вунь кавадла. Шуфлі. Адбіваем кавалкі графіту, шуфлямі, скідваем у яму рэактара. Званок – назад.

Я быў з кавадлам, біў па тым графіце, а ён як бетон, ледзь адбіў кавалачак. Нясу скідваць у яму, казалі, не глядзі ўніз, але ж дзе не глянеш… Вышыня трыццаць паверхаў, чорна. І хоць жара стаяла – мне магільным холадам патыхнула. Халоднае пекла. І тут званок. Бягом назад.

Калі ехалі назад, усіх нас рваць стала, з носа кроў. Слабасць навалілася. Везлі на абед (а кармілі там добра), але ж які там абед. Потым хадзілі на дах другі раз. А потым нас адправілі дахаты.

Вы мастак. Нешта малявалі там?

Так, былі эцюды. Але ж давялося выкінуць. Радыяцыя. Адзін латышскі журналіст памёр, бо насіў на грудзях сваю запісную кніжку з Чарнобыля, а яна ж фаніла страшна. Мае эцюды ў мяне дома на сцяне віселі. Выкінуў.

А вы глядзелі серыял “Чарнобыль”?

Так.

Падобна?

Так, вельмі. Праўда, заўважыў момант няпраўды. Гарэлку там не давалі. Людзі самі здабывалі, пілі. А так вельмі падобна.

Скажыце, а як пасля Чарнобыля…

Потым, пасля Чарнобыля, былі хваробы. Аксакаўшчына. Шпіталі.

Так, праз шпіталь я і прыйшоў да Госпада. У 1994 годзе ляжаў у шпіталі. Тыя, хто быў са мной там, паміраюць. А паміраць не хочацца. Думаў, калі хтосці можа дапамагчы, дык толькі Бог. Толькі падумаў – і Госпад пачуў мяне!

Як гэта было?

Прыйшлі ў шпіталь хлопцы раздаваць Бібліі. Але тады яшчэ маё сэрца чэрствае было, кажу ім, што вы мне свае казкі суеце? Яны прамаўчалі. Але ж назаўтра зноў ідуць. І я ўзяў. Пачаў чытаць. І тут Госпад прыслаў мне веруючага брата. Міліцыянера. Ён заходзіць у палату, і з парога – Слава Богу! Я яму кажу, што ты Бога славіш, у шпіталь жа прыйшоў. А ён кажа – я маліўся, каб у такую палату Бог паслаў, каб маліцца не перашкаджалі, а тут брат веруючы. Гэта ён Біблію на тумбачцы ўбачыў. Я ж, кажу, няверуючы. Будзеш веруючы, кажа.

І вось, у 1995-ым запрасіў ён нас у царкву, “Ласка Божая”. Пайшлі мы з жонкай. Заходзім у залю. Аёй, думаю, не крыжа, не іконкі, якая царква, трэба бегчы адсюль. А моляцца гучна!.. Уцякаць… Але яны спяваць сталі, думаю, пачакаю, хай даспяваюць, тады ўцячэм. А потым выходзіць пастар – і стаў гаварыць. І ўсе словы – як быццам пра мяне. Так за душу ўзяла. І напрыканцы ўжо памятаю, выйшаў наперад і ўся царква за мяне малілася.

Цяпер я ў евангельскай царкве “Ян Прадвеснік”. Малюю. Сведчу. Госпад пакінуў мяне ў жывых па вялікай ласцы Сваёй – каб я мог сведчыць.

Болей навін