Сябра БХД Зміцер Лупач пасля арышту і суда патрапіў у рэанімацыю

11.05.2020, 22:44  |  Навіны » Палітыка

Журналіста з Глыбокага, сябра БХД Змітра Лупача, якога пасля суда забрала хуткая дапамога, паклалі ў рэанімацыю, распавялі «Белсату» родныя журналіста.

Змітра Лупача, які супрацоўнічае з «Белсатам», затрымалі 8 траўня. Да суда, які адбыўся над ім 11 траўня, журналіста трымалі ў ізалятары часовага ўтрымання. Судзілі Змітра паводле двух артыкулаў: парушэнне заканадаўства аб СМІ, за што прысудзілі яму штраф у памеры 45 базавых велічыняў (1215 рублёў), акрамя таго, журналісту прысудзілі 10 дзён адміністрацыйнага арышту за ўдзел у масавай акцыі. Пасля суда Змітру Лупачу стала кепска і яго забрала хуткая дапамога.

«Лекары сказалі, што Змітру неабходнае назіранне. Таму яго паклалі ў рэанімацыю. Спадзяемся, што яму стане лепей. У лекараў няма старых кардыяграмаў, яны мусяць разабрацца. Але перасцерагаюцца, каб у яго не ўзнік перадінфарктны стан. Ціск яму збілі, стала лепей. Ён яшчэ некалькі дзён скардзіўся на тое, што высокі ціск, прымаў лекі», – распавяла «Белсату» Жана Лупач, жонка Змітра Лупача.

Белсат

Навіны па тэме