Віталь Рымашэўскі: Без Юрыя Зісера Беларусь была б іншай

17.05.2020, 14:01  |  Галоўныя навіны, Грамадства

Віталь Рымашэўскі: Без Юрыя Зісера Беларусь была б іншай

 

Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі выказаў спачуванні з нагоды смерці заснавальніка TUT.by, мецэната Юрыя Зісера:

“Сёння не стала Юрыя Зісера, заснавальніка партала tut.by - самага папулярнага СМІ Беларусі.

Для мяне асабіста ён быў прыкладам не толькі прафесіяналізму, геніяльнасці, але і прыкладам аднаго з самых годных людзей, якога я калі-небудзь ведаў.

Ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму журналісты, уладальнікі незалежных СМІ - у спісах на рэпрэсіі заўсёды ў першых шэрагах. У самыя складаныя часы на іх у першую чаргу накіраваны ўдары рэжыму. Юрый заўсёды годна гэтыя ўдары вытрымліваў, не паступаючыся ні сваім сумленнем, ні журналісцкай этыкай.

Тое, што рабіў tut.by у 2017-м, асвячаючы вулічныя акцыі пратэсту, тое, што партал пісаў пра рэальнае становішча ў эканоміцы, палітыцы, сацыяльным жыцці - дапамагала нашай краіне стаць трошкі вальней.

Дзеля гэтага Юрый Зісер рызыкаваў бізнесам, плаціў сваім асабістым камфортам і спакоем.

Ён заўсёды рабіў больш, чым павінен быў, чым гэтага ад яго патрабавала яго становішча альбо жыццёвыя абставіны. Заўсёды больш. Думаю, менавіта ў гэтым (а магчыма, толькі ў гэтым) і ёсць праява нашай сапраўднай Людскасці.

Прыклады такіх учынкаў дапамагаюць жыць, не губляць веру ў людзей.

Дзякуй, дарагі Юры, за тое, як Вы пражылі гэтае жыццё. Без Вас Беларусь была б іншай...

Спачуванні сям'і і блізкім. R.I.P."

Навіны па тэме