Павел Севярынец: Лукашэнка, сыходзь – разам з заразай!

21 мая 2020 11:29  |  Галоўныя навіны

 

Тысячы беларусаў задыхаюцца і паміраюць у перапоўненых шпіталях. Браму для заражэння адчыніў Лукашэнка. І ён жа абвясціў “выбары сябе” на сёмы тэрмін – без рэальных супернікаў, без правілаў, нават без назіральнікаў.

Пераключыў увагу – са смерцяў людзей на “выбары сябе”, любімага.

Маскі сарваныя. ЦВК Ярмошынай адмовіла ў рэгістрацыі практычна ўсім кандыдатам пратэсту, хто спадзяваўся выкарыстаць спектакль Лукашэнкі для палітычнай барацьбы з ім.

Тым, хто ўяўляў небяспеку для рэжыма – адмоўлена. Сяргей Ціханоўскі, каманда Мікалая Статкевіча, Павел Спірын. Кідаюць на “суткі” і даюць штрафы нават тым, хто абскарджвае беззаконне ў судзе!

Але дзясяткі тысячаў беларусаў ужо зараз пазбаўляюцца страху. Бадзёры Сяргей Ціханоўскі выходзіць з турмы і ў жывым эфіры абвяшчае новы аўтапрабег па Беларусі. 35 тысячаў чалавек глядзіць стрым Ціханоўскага, за пару гадзінаў збіраюць тысячы долараў. Стоп таракан! Сотні тысячаў людзей штодня глядзяць тэлеграм-канал “Баста” і чытаюць забароненую “Хартыю-97”. Нават ашуканыя і прыніжаныя медыкі ў Бабруйску выходзяць на мітынг, каб сарваць эфір БТ.

Асобна хачу звярнуцца да тых, хто захапіўся вылучэннямі на “выбары” Бабарыкі, Цапкалы, Канапацкай, Дзмітрыева, Чэрачня, і іжэ с німі. “Ідём на выборы!”.”Голосуем!” “ЦІК абсолютно компетентна”.”Массовые фальсіфікаціі невозможны”. “Массовые репрессіі – это міф”. “Я не прізываю к протестам”…

Гэтыя персанажы проста падыгрываюць старому банкроту і ягонай хеўры. Адно слова – цырк.

26 гадоў таму народ таксама гатовы быў падтрымаць хоць чорта лысага, абы не зненавіднага Кебіча. Падтрымалі чорта лысага. Тыя, хто здольны вучыцца на сваіх памылках – калі ласка, ацаніце крах надзеі падчас ярмошынскіх “выбараў”, а таксама пагрозу стварэння прарасейскай сілы з дапамогай “Газпраму” і сацсеткавага маркетынгу.

“Я за вас прагаласую, а вы за мяне змагайцеся”. “Дзе паставіць за вас подпіс?” “Чаму вы ня ўдзельнічаеце ў выбарах, я ж гатовы аддаць вам свой голас!”

Ня трэба займацца самападманам, сябры. Ваш голас у РБ ужо больш дваццаці гадоў нічога не вырашае, на “выбарах” поўныя фальсіфікацыі – як са статыстыкай ковід-19. Можа вырашыць іншае – грамадзянскае непадпарадкаванне, негвалтоўны супраціў, працяглы масавы пратэст, як у Берасці, змаганне, цвёрдасць, салідарнасць.

Вазьміце сябе ў рукі. Калі ня вы – то ніхто.

Дзьве палітычныя сілы, якія зараз разрываюць Беларусь – камунізм Лукашэнкі і імперыялізм Расеі – ўзаемазвязаныя і аднолькава варожыя Беларусі. Яны разбураюць краіну і нішчаць народ: рэжым фізічна, Крэмль ментальна.

Таму, яшчэ і яшчэ раз: асновай новай Беларусі можа быць толькі нацыянальная ідэя. Ядро яе –  хрысціянскія маральныя каштоўнасці, беларуская мова і еўрапейская перспектыва. Новае беларускае Адраджэнне.

Беларусь прабуджаецца. Супрацьпаставіць грубаму гвалту, ціску, затрыманням і арыштам мы павінныя няўдзел у справах зла. У гэтым сіла бяссілых, як пісаў Вацлаў Гавел. У гэтым салідарнасць, як казаў Ян Павел ІІ і паўтараў польскі народ.

Бацькі не аддаюць дзяцей у школы. Службоўцы не ідуць на парады ды спартакіяды. Дактары ратуюць жыцці і не хаваюць праўду. Настаўнікі не фальсіфікуюць. Цэрквы і Касцёл не дабраслаўляюць падман. Сацыяльныя сеткі дыхаюць салідарнасцю на поўныя грудзі, як лёгкія здаровага чалавека.

Нарэшце, людзі ня ўдзельнічаюць у спектаклі Ярмошынай.

Гэта ня проста байкот. Задача – каб большасць беларусаў асэнсавала сябе большасцю, якая не выконвае загады дыктатара. Менавіта гэты псіхалагічны эфект у жніўні здольны даць вырашальны штуршок масавым мірным пратэстам і нацыянальнай забастоўцы. Сіла нараджаецца ад усведамлення еднасці і перамогі. І тады сэрца пачынае  біцца ў рытме барабаннага бою.

Пустыя “выбарчыя ўчасткі” азначаюць поўныя вуліцы і плошчы.

Цяпер – беражэм адзін аднаго, не падпарадкоўваемся злу, гуртуемся і рыхтуемся выйсці. Хай Лукашэнка сыходзіць разам з пандэміяй.

Верым, можам, пераможам!

Павел Севярынец

Болей навін