Еўрадэпутаты звярнуліся да народу Беларусі з нагоды каронавіруса

28 мая 2020 18:42  |  Галоўныя навіны

Еўрадэпутаты звярнуліся да народу Беларусі з нагоды каронавіруса

 

Еўрадэпутаты звярнуліся да народу Беларусі з нагоды каронавіруса

Дэпутаты Еўрапейскага парламенту звярнуліся з адкрытым лістом да народу Беларусі. Зварот падпісалі прадстаўнікі фракцыі Еўрапейскай народнай партыі Андрус Кубілюс (Літва), Мірыям Лексман (Славакія), Сандра Калніетэ (Латвія), Томаш Франкоўскі (Польшча), Іван Штэфанец (Славакія), Зігфрыд Мурэшан (Румынія), фракцыі «Адновім Еўропу» Пятрас Аўштравічус (Літва), фракцыі «Зялёныя/Еўрапейскі вольны альянс» Хайдзі Хаўтала (Фінляндыя), Сяргей Лагадзінскі і Райнгард Бютыкофэр (абодва – Нямеччына).

Да народу Беларусі,

Пандэмія Covid-19 выклікае беспрэцэдэнтныя сацыяльныя і эканамічныя пакуты ў спалучэнні з трагічнай гібеллю людзей ва ўсім свеце. Паводле афіцыйных крыніц, па стане на 28 траўня ў Беларусі было 38 956 зафіксаваных выпадкаў інфекцыі і 214 вядомых смерцяў.

Будучы абранымі чальцамі Еўрапейскага парламенту і сябрамі беларускага народу, мы хацелі б выказаць наша захапленне мужнасцю і рашучасцю, выяўленымі вамі ў гэтыя часы выпрабаванняў і, такім чынам, па магчымасці кампенсаваць няздольнасць беларускіх уладаў прызнаць маштабы патэнцыйнага распаўсюду COVID-19 і паслядоўна прымаць адэкватныя меры. Сведчанне таму – маштаб самаарганізацыі простых грамадзян, якія шчодра дапамагаюць адно аднаму, а таксама найбольш неабароненым групам насельніцтва, і адвага, выяўленая медычнымі работнікамі.

Еўрапейскі саюз салідарны з народам Беларусі і, па сутнасці, з нашым больш шырокім еўрапейскім суседствам не толькі на словах, але і ў дзеянні. Напрыклад, у рамках пакета «Team Europe», які ўключае 80 млн еўра на самыя неадкладныя патрэбы (асабліва ў сектары аховы здароўя) і больш як 883 млн еўра на падтрымку сацыяльна-эканамічнага аднаўлення, ЕС ужо аб’явіў аб вылучэнні 60 млн еўра ў двухбаковыя фонды, каб дапамагчы Беларусі.

У рамках розных іншых двухбаковых або рэгіянальных праграм і інструментаў Беларусь ужо атрымала выгаду ад паставак медыцынскіх прыбораў і асабістага абсталявання, такіх як апараты ШВЛ, лабараторныя камплекты, маскі, а таксама ахоўны рыштунак і абсталяванне. Напрыклад 1300 літраў сродкаў дэзінфекцыі было дастаўлена ўдзельнікам праекту «Зялёныя школы», а экстраная медычная дапамога і рэспіратары былі вылучаныя ў рамках праектаў памежнай супрацы. У межах супрацы з Чырвоным Крыжам ЕС сумесна з ПРААН ахвяраваў 1100 літраў сродкаў дэзінфекцыі для рук валанцёрам, якія даглядаюць за найбольш уразлівымі. Беларусь таксама, несумненна, атрымае выгаду ад лічбавай мадэрнізацыі Ляхавіцкай раённай паліклінікі, якая была завершана за кошт сродкаў ЕС у 2018 годзе.

У рамках пакета Team Europe Беларусь таксама атрымае карысць ад рэгіянальнай праграмы ў памеры 30 млн еўра на медычныя прыборы і расходныя матэрыялы, а таксама ад праграмы салідарнасці Усходняга партнёрства ў памеры 10 млн еўра, прызначанай для дапамогі найбольш пацярпелым слаям насельніцтва. Яшчэ 11,3 млн еўра ўжо вылучана ў выглядзе невялікіх грантаў арганізацыям грамадзянскай супольнасці.

Існуюць таксама дадатковыя меры па змякчэнні сацыяльна-эканамічных наступстваў пандэміі, у тым ліку рэгіянальная праграма падтрымкі ў памеры 120 млн еўра для забеспячэння ліквіднасці малога і сярэдняга бізнесу пасля пандэміі, паскарэння асваення існуючых крэдытных ліній і грантаў для МСП на суму 200 млн еўра ў мясцовай валюце, а таксама 500 млн еўра, даступных нашым суседзям, дзякуючы мабілізацыі асноўнага інструмента па зніжэнні рызык Еўрапейскага фонду ўстойлівага развіцця.

Гэтая падтрымка ажыццяўляецца разм з партнёрамі, уключаючы Сусветную арганізацыю аховы здароўя, а таксама з міжнароднымі фінансавымі інстытутамі і адпаведнымі фінансавымі ўстановамі краін-членаў ЕС.

ЕС гатовы і надалей дапамагаць беларускім уладам у барацьбе з пандэміяй і яе наступствамі і падтрымліваць яе ў рэалізацыі мер, прапанаваных Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя. Мы заклікаем беларускі ўрад дзейнічаць адказна, а таксама забяспечыць захаванне асноўных правоў чалавека. У той час, калі мы сутыкаемся з агульнай праблемай гэтай жорсткай пандэміі, мы запрашаем беларускі ўрад шанаваць прынесеныя ахвяры, а таксама мужнасць і рашучасць, праяўленыя беларускім народам, далучыўшыся да нас у павазе асноўных правоў чалавека і годнасці кожнай асобы.

Цяперашняя пандэмія зробіць свет больш складаным і раздробленым, але неабходнасць адстойваць фундаментальныя каштоўнасці і годнасць кожнага чалавека будзе яшчэ больш актуальнай.

У гэтым кантэксце, хоць мы прызнаем, што згодна з беларускай Канстытуцыяй прэзідэнцкія выбары павінны быць праведзены да 30 жніўня, мы настойліва заклікаем беларускі ўрад забяспечыць свабоднае, справядлівае і бяспечнае правядзення выбараў у папярэдні ім перыяд (уключаючы забеспячэнне таго, каб кандыдаты маглі сабраць подпісы ў дастатковы час і бяспечна) і ў дзень выбараў, у адпаведнасці са стандартамі АБСЕ і рэкамендацыямі экспертаў у галіне аховы здароўя.

Нягледзячы на выбліск COVID-19 на будаўнічай пляцоўцы Беларускай АЭС, працягваецца будаўніцтва ядзернага паліва для першага рэактара, дастаўленага 6 траўня. Беларускія ўлады ўвесь час ігнаруюць апасенні, выказаныя беларускай грамадзянскай супольнасцю і міжнароднай супольнасцю ў дачыненні да ядзернай бяспекі Беларускай АЭС, і не маюць намеру выконваць рэкамендацыі ЕС па правядзенні стрэс-тэсту.

Давайце яшчэ раз падкрэслім наша захапленне адвагай і рашучасцю, выяўленымі вамі ў гэты цяжкі час, і падкрэслім нашу ўстойлівую салідарнасць.

Падпісалі:

Андрус Кубілюс, чалец Еўрапарламента (Еўрапейская народная партыя, Літва)

Мірыям Лексман, чалец Еўрапарламента (Еўрапейская народная партыя, Славакія)

Сандра Калніетж, чалец Еўрапарламента (Еўрапейская народная партыя, Латвія)

Хайдзі Хаўтала, чалец Еўрапарламента (Зялёныя/Еўрапейскі вольны альянс, Фінляндыя)

Томаш Франкоўскі, чалец Еўрапарламента (Еўрапейская народная партыя, Польшча)

Пятрас Аўштравічус, чалец Еўрапарламента (Адновім Еўропу, Літва)

Іван Штэфанец, чалец Еўрапарламента (Еўрапейская народная партыя, Славакія)

Сяргей Лагадзінскі, чалец Еўрапарламента (Зялёныя/Еўрапейскі вольны альянс, Германія)

Зігфрыд Мурэшан, чалец Еўрапарламента (Еўрапейская народная партыя, Румынія)

Райнгард Бютыкофэр, чалец Еўрапарламента (Зялёныя/Еўрапейскі вольны альянс, Германія)

mep-letter-to-the-people-of-belarus-28-may-2020-1.pdf

Болей навін