Штраф і суткі ў пастарунку. Актывіста ў Мёрах пакаралі за плякат «Выбары без Лукашэнкі і Ярмошынай»

28 мая 2020 22:07  |  Палітыка

Штраф і суткі ў пастарунку. Актывіста ў Мёрах пакаралі за плякат «Выбары без Лукашэнкі і Ярмошынай»

 

Мёрскі раённы суд аштрафаваў на 135 рублёў мясцовага актывіста БХД Сяргея Васільева. 27 траўня міліцыянты затрымалі Васільева ў цэнтры гораду з плякатам «Выбары без Лукашэнкі і Ярмошынай». Да сёньняшняга суду актывіста трымалі ў мясцовым пастарунку.

«Сяргей праводзіў свой пікет у вельмі людным месцы, там, дзе сустрэчу з жыхарамі ладзіў вядомы блогер Сяргей Ціханоўскі, — сказаў Свабодзе сустаршыня БХД Павал Севярынец. — Мяркую, плякат Васільева „Выбары без Лукашэнкі і Ярмошынай“ амаль за 2 гадзіны пікету пабачылі сотні чалавек, і ён шмат каму прыйшоўся па душы».

Актывіст Сяргей Васільеў — былы настаўнік гісторыі, якога звольнілі са школы ў Мёрах. Ужо некалькі гадоў Сяргей Васільеў спрабуе ўладкавацца па спэцыяльнасьці. Лічыць, што на працу яго не бяруць з прычыны апазыцыйнай дзейнасьці.

Радыё Свабода

Болей навін