Кавалькова: Лукашэнка аказаўся слабым лідэрам і схаваў галаву ад праблемаў

30.05.2020, 14:49  |  Галоўныя навіны, Палітыка

Кавалькова: Лукашэнка аказаўся слабым лідэрам і схаваў галаву ад праблемаў

 

Патэнцыйныя кандыдатка на прэзыдэнта Вольга Кавалькова адказала Аляксандру Лукашэнку на заяву, што жанчына ў Беларусі ня можа быць прэзыдэнтам.

Кіраўнік Беларусі 28 траўня адзначыў, маючы на ўвазе, праўдападобна, Сяргея Ціханоўскага, што «ён нават не кандыдат у прэзыдэнты, за жонку там дбае. Разумее ж, што за жонку ніхто не прагаласуе ў Беларусі. Вось я часта кажу: Натальля Іванаўна (старшыня Савета Рэспублікі Натальля Качанава. — РС), за цябе таксама не прагаласавалі б, хоць ты... гатовы прэзыдэнт. У нас Канстытуцыя не пад жанчыну. І ў нас грамадзтва не сасьпела для таго, каб галасаваць за жанчыну. Таму што ў нас па Канстытуцыі прэзыдэнт валодае моцнай уладай, — сказаў Лукашэнка. — У нас прэзыдэнт — не Літва. Там прэзыдэнт, была Даля Грыбаўскайце, прыйшла, паўсьміхаліся, пасядзела і пайшла. Ні за што не адказвае, таму што там парлямэнцкая рэспубліка. У нас — не. Прэзыдэнтам будзе мужык, я ў гэтым абсалютна перакананы», — заявіў Лукашэнка.

Патэнцыйная кандыдатка на прэзыдэнта Вольга Кавалькова лічыць такую заяву адным з паказчыкаў слабасьці Аляксандра Лукашэнкі як лідэра.

— Лукашэнка аказаўся слабым лідэрам у крызіснай сытуацыі з каранавіруснай пандэміяй, у якой апынулася наша краіна. Ён фактычна схаваў галаву ад праблемаў і аказаўся няздатны вырашыць гэтае пытаньне для краіны. На яго месцы я як жанчына ў першую чаргу паклапацілася б пра людзей, пра бізнэс, прыняла б пакет захадаў, якія б дапамаглі нашаму грамадзтву, нашай краіне справіцца з пандэміяй.

Такія заявы паказваюць якраз мужчыну, які, маючы такія вялікія паўнамоцтвы, якія надае яму Канстытуцыя, ня справіўся з праблемай, у якой апынулася наша краіна, таму тут відавочна, што мужчына ці жанчына ва ўладзе — ня мае значэньня. Маюць значэньне найперш прафэсійныя якасьці і тое, для каго ты працуеш. Лукашэнка працуе для сябе. Я б працавала для краіны і для людзей.

Што да рэплікі наконт Далі Грыбаўскайце, зразумела, што калі ён такія заявы робіць, ён паказвае сябе слабым, Калі ён яшчэ з суседзямі спрабуе пасварыцца, то гэта ненармальна. Сэксізм у найгоршай праяве. Ня першы раз мы гэта чуем, але пытаньне ў тым, што чарговым разам тое, што ён кажа, не адпавядае рэальнасьці. Маючы такія паўнамоцтвы, ён за 26 гадоў краіну проста зруйнаваў, а кажа пра гэта як пра прарыў. Ён павінен сысьці і аддаць краіну маладым і тым, хто хоча прафэсійна працаваць дзеля людзей.

Радыё Свабода

Навіны па тэме