Севярынец ускрыў сабе вены ў карцары ў знак пратэсту супраць катаванняў

18 чэрвеня 2020 12:35  |  Галоўныя навіны

Севярынец ускрыў сабе вены ў карцары ў знак пратэсту супраць катаванняў

 

Шчыры хрысціянін, 43-гадовы Павел Севярынец сядзеў у мінулым у самых розных умовах, але ніколі не раней не «ўскрываўся». Гэта можа сведчыць пра нялюдскія ўмовы ўтрымання палітвязняў, арыштаваных у час гэтай прэзідэнцкай кампаніі.

На судзе над сабой Павел Севярынец расказаў, што знаходзіцца ў карцары Ізалятара часовага ўтрымання і ўскрыў сабе вены ў знак пратэсту супраць катаванняў палітзняволеных там.

Пра гэта расказаў у сябе ў фэйсбуку сябар палітвязня Аляксей Шэін.

«На судзе над Паўлам Севярынцам. Суд ідзе па скайпу. Павел заявіў, што знаходзіцца ў карцары ІВС у бесчалавечных умовах. Сказаў, што ў знак пратэсту супраць катаванняў яго і іншых палітычных, якія знаходзяцца там жа, давялося ўскрыць вены», — піша Шэін.

43-гадовы Павел Севярынец — кіраўнік Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, незарэгістраванай апазіцыйнай палітычнай партыі.

Акрамя таго, ён вядомы як пісьменнік і публіцыст. Яго затрымалі 7 чэрвеня пасля пікета на Камароўцы ў падтрымку Святланы і Сяргея Ціханоўскіх. На наступны дзень ён быў асуджаны на 15 сутак.

Пазней ягоная жонка Вольга Севярынец паведаміла, што палітыку налічылі дадатковыя суткі — так, каб ён не выйшаў з-за кратаў да самых прэзідэнцкіх выбараў.

«Сёння пазваніў чалавек, які сядзеў з Паўлам і сказаў, што Паўлу далі яшчэ 2 пратаколы па 15 сутак — агулам атрымліваецца 75 сутак [у яго былі не «адбытыя» з зімы суткі, пасля акцый супраць паглыблення інтэграцыі з Расіяй — НН]».

Вольга піша, што ў мужа забралі ўсе рэчы, у тым ліку зубную шчотку, цёплую вопратку, сродкі гігіены, а таксама ўжо два разы адпраўлялі ў карцар, дзе вельмі халодна. «Паша просіцца, каб перадалі перадачу хоць нейкую, але мы не можам гэтага зрабіць, бо перадачы не прымаюць», — паскардзілася яна.

Севярынец не раз апынаўся за кратамі па палітычна матываваных справах, у тым ліку ў 1998 годзе «за зрыў канцэрта, прысвечанага беларуска-расійскай інтэграцыі», 2004 годзе — калі ён быў асуджаны да «хіміі» за тое, што вывеў мінчукоў на пратэст супраць зняцця абмежавання на колькасць прэзідэнцкіх тэрмінаў і 2010-м — як кіраўнік штаба аднаго з кандыдатаў у прэзідэнты.

Шчыры хрысціянін — ён прыйшоў да веры ў час першага зняволення, у 1998-м, Севярынец сядзеў у самых розных умовах, але ніколі не раней не «ўскрываўся». Гэта можа сведчыць пра сапраўды нялюдскія ўмовы ўтрымання палітычных вязняў у час гэтай кампаніі.

У 2010 годзе Беларусь трапіла ў кнігу рэкордаў Гінэса як краіна, дзе рэкордную колькасць кандыдатаў у прэзідэнты затрымалі ў ноч пасля выбараў.

Падчас кампаніі 2006 года затрыманні насілі масавы характар, але яны адбываліся непасрэдна перад днём галасавання, а не за два-тры месяцы да яго.

Гэтым разам брутальныя рэпрэсіі адбываюцца ўжо за некалькі месяцаў да выбараў. Паводле звестак, сабраных праваабронцамі з цэнтра «Вясна», ад 6 мая больш за 100 палітычных актывістаў, ключавых асобаў у штабах прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта і сяброў іх ініцыятыўных груп былі арыштаваныя па крымінальных справах або асуджаныя па адміністратыўных. 

У Паўла Севярынца дома застаецца 2-гадовы сын.
<!–[if !supportLineBreakNewLine]–>Наша Ніва<!–[endif]–>

Болей навін