У Віцебску за ланцуг салідарнасці судзілі Алену Янушкоўскую з дачкой

25.06.2020, 20:50  |  Навіны » Палітыка

У Віцебску за ланцуг салідарнасці судзілі Алену Янушкоўскую з дачкой

 

У панядзелак 22 чэрвеня ў розных судах Віцебску судзілі ўдзельнікаў цалкам законных масавых мерапрыемстваў, якія ладзіліся для збору подпісаў за патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнцтва і якія трактаваліся міліцыянтамі як несанкцыянаваныя пікетаваньні.

На 45 базавых велічынь (1215 рублёў) суд Віцебскага раёну праз скайп аштрафаваў вядомую блогерку і актывістку БХД Алену Янушкоўскую, якая да суду правяла трое сутак у ізалятары часовага ўтрыманьня (ІЧУ). Судзьдзя Міхаіл Зубеня прызнаў яе вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаваньні (ч.3 арт. 23.34). Алена Янушкоўская разам з дачкой Юліяй Уласенка былі затрыманыя амапаўцамі 19 чэрвеня падчас «ланцугу салідарнасьці» ў Віцебску, зь якога блогерка рабіла стрым. Жанчыну пасьля складаньня пратаколу кінулі ў ІЧУ, а дачку Юлію адпусьцілі.

Справу Юліі Ўласенка разгледзеў суд Віцебскага раёну 24 чэрвеня. Яе судзілі адразу за два правапарушэньні. Міліцыянты склалі на яе пратаколы за «ўдзел у несанкцыянаваным пікетаваньні 7 чэрвеня» і за ўдзел у «ланцугу салідарнасьці», які адбыўся ў Віцебску 19 чэрвеня. Гэтыя адміністрацыйныя справы былі аб’яднаныя ў адну. Разьбірала іх судзьдзя Натальля Трацякова.

На паседжаньні Юлія выказала нязгоду з пратаколамі і віны сваёй не прызнала.

«Я проста хадзіла гуляць, дыхала паветрам. Я не разумею наагул, што адбываецца ў маёй краіне, калі мяне за гэта прыцягваюць да адказнасьці. Нейкае беззаконьне!» – сказала на судзе Юлія Ўласенка.

Судзьдзя Трацякова не дазволіла па хадайніцтве Юліі весьці яе маці стрым з судовага паседжаньня. Судзьдзя таксама не зьвярнула ўвагі на недакладнасьці і памылкі ў пратаколах, на якія паказала абвінавачаная. Пасьля прагляду міліцэйскіх відэа- і фотаматэрыялаў судзьдзя Трацякова палічыла віну Юліі Ўласенка цалкам даказанай. Зважаючы на тое, што жанчына выхоўвае двух непаўнагадовых дзяцей, пакарала яе штрафам у памеры 10 базавых велічынь (270 рублёў).

Юлія Ўласенка мае намер абскардзіць гэтае рашэньне ў абласным судзе.

Віцебская Вясна

Навіны па тэме