Amnesty International запусціла акцыю тэрміновай дапамогі па вызваленні Севярынца

03.07.2020, 19:16  |  Галоўныя навіны, Палітыка

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International запусціла акцыю тэрміновай дапамогі па вызваленні вязня сумлення сустаршыні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Паўла Севярынца, які адбывае адміністрацыйны арышт з 7 чэрвеня. На волю ён павінен выйсці толькі ў верасні. Акрамя таго, Amnesty International звярнулася да ўладаў Беларусі з заклікам неадкладна спыніць эскалацыю нападаў на правы чалавека, вызваліць усіх, хто ўтрымліваецца пад вартай выключна за мірнае карыстанне правамі, а таксама прыцягнуць да адказнасці ўсіх вінаватых у парушэннях правоў чалавека. 

"З дакладных крыніц нам стала вядома аб жорсткім абыходжанні пад вартай з ветэранам беларускай апазіцыі Паўлам Севярынцам, якога арыштавалі 7 чэрвеня. Павел Севярынец – вязень сумлення, якога варта неадкладна вызваліць без усялякіх умоваў, а да таго часу гарантаваць яго бяспеку і недатыкальнасць. Далучайцеся да нашай акцыі тэрміновай дапамогі, каб дамагчыся яго вызвалення!", – заклікаюць праваабаронцы Amnesty International.

Па словах жонкі і ягоных сукамернікаў, якія ўжо вызваліліся, яму не далі сустрэцца з адвакатам і дзесяць дзён запар трымаюць у карцэры. Яму даводзіцца спаць на нарах без матраца, якія штодня з 6:00 да 22:00 адкідваюць да сцяны. Увесь астатні час яму даводзіцца стаяць або сядзець на адзіным зэдліку. У камеры няма вадаправода, а Паўла Севярынца не выводзяць на прагулкі. У яго забралі асабістыя рэчы, сродкі гігіены і цёплую вопратку. Павел Севярынец – пабожны хрысціянін, але ў яго адабралі і Біблію. Да 29 чэрвеня ў ізалятары адмаўляліся прымаць ад жонкі перадачы для Паўла Севярынца. Прычым невядома, ці дайшла да яго перадача, якую ў рэшце рэшт прынялі.

"У адказ на беспрэцэдэнтную мабілізацыю апазіцыі і акцыі пратэсту супраць прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі па ўсёй Беларусі ўлады разгарнулі бязлітасную кампанію па ачарненні і затрыманні асноўных кандыдатаў у прэзідэнты па сфабрыкаваных абвінавачваннях. У выпадку прызнання вінаватымі, ім пагражаюць працяглыя тэрміны пазбаўлення волі. Супрацоўнікі праваахоўных органаў і групы невядомых у цывільным часцяком з перавышэннем сілы затрымалі ўжо некалькі сотняў прыхільнікаў апазіцыі, незалежных журналістаў, блогераў, інтэрнэт-актывістаў і проста мінакоў падчас мірных акцый пратэсту. Нават малалетнія дзеці знаходзяцца пад пагрозай, улады неаднаразова пагражалі палітычным актывістам выключыць іх дзяцей пад апеку дзяржавы. За мірнае карыстанне правамі на свабоду сходаў і свабоду выказвання меркаванняў затрымалі, аштрафавалі і падвергнулі «адміністрацыйнаму арышту» ўжо сотні чалавек; завялі шмат крымінальных спраў", – адзначаюць праваабаронцы Amnesty International.

Паўла Севярынца ўжо прызнавалі вязнем сумлення ў 2011 годзе. Тады яго прысудзілі да трох гадоў папраўчых работ па выніках удзелу ў масавых акцыях пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.Наступ на палітычную апазіцыю і грамадзянскую супольнасць цяпер і пасля выбараў 2010 года адрозніваюцца. Цяпер пачаліся пераследы за некалькі месяцаў да выбараў на фоне рэкордна нізкага, па ўсеагульнаму перакананню, рэйтынгу прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі", – дадаюць міжнародныя праваабаронцы.

 

Крыніца: Вясна

Навіны па тэме