“Прашу вас не спыняцца” Зварот Вольгі Севярынец да святароў і пастараў (відэа)

25 ліпеня 2020 16:15  |  Грамадства

"Прашу вас не спыняцца" Зварот Вольгі Севярынец да святароў і пастараў (відэа)

 

Вольга Севярынец, арганізатар Няспыннай малітвы за Беларусь, жонка палітвязня Паўла Севярынца, звярнулася да святароў і пастараў: Дарагія святары і пастары! З вялікай павагай і пакорай я звяртаюся да Вас ад імя многіх вернікаў. Мы шчыра хочам падзякаваць Вам за Малітву за Беларусь і мы прагнем, каб малітва, якую вы распачалі, ператварылася ў агульнанацыянальную малітву і пост за Беларусь і беларускі народ. Беззаконне, якое дзеецца ў нашай краіне, мацнее і пашыраецца з кожным днём, і мы просім Вас не заставацца ў баку, мы чакаем вашага слова і наказу. Гаворка ідзе не пра палітыку, гаворка ідзе пра праўду, справядлівасць, павагу. Ваша слова мае для нас вялікае значэнне і вялікую сілу. Мы верым, што выратаваць Беларусь ад зла можна толькі з Божай дапамогай. Супрацьстаянне ідзе не супраць чалавекаў, для нас, вернікаў, яно глыбей – “супраць гаспадароў цемры гэтага свету” (Эф. 6:12). Мы хочам разам, побач з братамі і сёстрамі, у нашых цэрквах і касцёлах у гэтыя дні маліцца і прасіць Бога дабраславіць Беларусь духоўнымі пераменамі. Прашу Вас не спыняцца заклікаць вернікаў да ўзмоцненай малітвы і паста за наш народ і Беларусь. Мы асабліва хочам прасіць Госпада аб духоўным абуджэнні і спыненні беззаконня. Мы верым, што Беларусь – гэта краіна, якую Бог любіць асабліва і Ён адкрые неба над нашай краінай, калі “ўпакорыцца народ Мой, які называецца імем Маім, і будуць маліцца, і шукаць аблічча Майго, і адвернуцца ад благіх шляхоў сваіх, дык Я пачую з неба і дарую грахі іхнія і ацалю зямлю іхнюю” (2Лет. 7:14). Прагнем гэтага ўсёй душой. З павагай і ўдзячнасцю за ўсё, што Вы робіце для Бога і Беларусі.

Болей навін