«Мы бачым прыкметы таго, як Беларусь сасьпявае». Павал Севярынец пра добрае ў 2021-м

31 снежня 2021 16:07  |  Галоўныя навіны Навіны

Свабода зьвярнулася да вядомых у беларускай публічнай прасторы асобаў з просьбай адказаць на пытаньне: Што Вас парадавала/прымусіла ўсьміхнуцца ў 2021-м? Такім чынам мы паспрабавалі адшукаць крупінкі радаснага, добрага і сьветлага ў гэтым змрочным годзе беларускай гісторыі.

На наша пытаньне з-за кратаў адказвае Павал Севярынец, які ўчора адзначыў 45-годзьдзе ў шклоўскай папраўчай калёніі.

— Першае, што парадавала ў 2021 годзе, — тое, наколькі лепш беларусы пачалі ставіцца да беларускай мовы. На пачатку году палова лістоў мне прыходзіла па-расейску, палова — па-беларуску. У сакавіку па-беларуску было ўжо 70% лістоў, а ў канцы году — 80%. Адбываецца сасьпяваньне беларускасьці.

Па-другое, парадавала абуджэньне веры. Бог стварыў Беларусь — краіну сьвятла, каб празь яе сьвяціць усяму сьвету. Краіна з унікальным хрысьціянскім характарам, багатай эвангельскай гісторыяй, краіна аднаўленьня Ізраілю.

Таму гэта месца асаблівай любові Бога. Калі беларусы пачынаюць адчуваць, што Бог любіць іх больш, чым яны самі сябе, то ў народзе адбываецца тэктанічны зрух.

Скрыжаваньне беларускага і хрысьціянскага — гэта наша сыстэма каардынатаў як народу. Думаю, у 2021 годзе мы бачым прыкметы таго, як Беларусь сасьпявае, Ісус Хрыстос нарадзіўся ў самы цёмны і халодны час году, у хляве. І тая зорка, якая паказвае шлях, пачынае зьзяць, калі страшна, калі цемра вакол. Я бачу зараз такую па-над Беларусьсю.

У лістах я задаваў людзям пытаньні, якія зоркі на ялінках у іх гарадах (з чырвонай пяціканцовай ці васьміканцовай бэтлеемскай). У большасьці адказаў была бэтлеемская.

Павал Севярынец — апазыцыйны палітык, адзін ль лідэраў Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, палітвязень. 7 чэрвеня 2020 году яго арыштавалі і пазьней абвінавацілі ў нібыта падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. 25 траўня 2021 асудзілі на 7 гадоў калёніі строгага рэжыму. Ён адбывае пакараньне ў шклоўскай папраўчай калёніі №17.

Болей навін