Беларускія хрысціянскія дэмакраты заклікаюць да адзінства і асуджаюць правакацыі Г. Дзмітрука і Я. Дудкіна

04 мая 2023 12:11  |  БХД Галоўныя навіны Навіны Новости БХД Палітыка

Лідэры беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў заклікаюць не паддавацца на правакацыі, а аб’ядноўвацца вакол агульных каштоўнасцяў, барацьбы за дэмакратыю і незалежнасць Беларусі.

Заклікаем да адзінства і ўзаемапавагі!

Хрысціянска-дэмакратычны рух стаў неад’емнай часткай грамадскага і палітычнага жыцця Беларусі.

Сёння дзясяткі нашых братоў і сясцёр – хрысціянскіх дэмакратаў, кінутыя ў турмы за перакананні і барацьбу супраць дыктатуры.

Нягледзячы на пагрозы рэпрэсій у дачыненні да ўсіх нязгодных з дзейнай уладай, сотні хрысціянскіх дэмакратаў застаюцца ў Беларусі, і па-ранейшаму з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”.

Дзесяткі хрысціянскіх дэмакратаў у вымушанай эміграцыі працягваюць падтрымліваць тых, хто застаўся ў Беларусі, аказваць падтрымку палітвязням, даносіць інфармацыю аб тым, што адбываецца ў Беларусі да міжнароднай супольнасці.

Мы вітаем любую актыўнасць хрысціянскіх дэмакратаў як унутры Беларусі, так і за мяжой. У той жа час мы лічым, што публічныя нападкі на калег, абразы, а таксама паклёп – непрымальныя і разбуральныя.

Такім чынам мы лічым, дзеянні Георгія Дзмітрука, Яўгена Дудкіна з групай іх прыхільнікаў у Польшчы недапушчальнымі, а менавіта: заявы ад імя аргкамітэта Беларускай хрысціянскай дэмакратыі аб падрыхтоўцы да правядзення з’езда, стварэнне альтэрнатыўных кіруючых органаў партыі (офіс у Беластоку і часовай Управы). Гэта ставіць пад пагрозу крымінальнага пераследу ўсіх хрысціянскіх дэмакратаў, які знаходзіцца ўнутры краіны. Згодна з дзейным у Беларусі заканадаўствам, дзейнасць незарэгістраваных арганізацый караецца крымінальнай адказнасцю. Спробы правесці з’езд Партыі невялікай групай актывістаў на эміграцыі, стварэнне ўпраў і іншых кіруючых органаў – не маюць ніякага дачынення да аргкамітэта Партыі БХД, і не з’яўляюцца легітымнымі.

Нагадваем аб рашэнні аргкамітэту БХД ад 17.01.2022 года аб недапушчальнасці дзеянняў ад імя аргкамітэта БХД, якія могуць тлумачыцца як дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі – любымі структурамі ці асобнымі грамадзянамі. У выпадку падобных дзеянняў кім-небудзь з заснавальнікаў партыі, з мэтай недапушчэння пагрозы абвінавачання іншых заснавальнікаў у дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі, такія асобы аўтаматычна выключаюцца са спісу заснавальнікаў аргкамітэта партыі БХД.

Згодна з прыведзеным вышэй рашэннем аргкамітэта БХД сваімі дзеяннямі Георгій Дзмітрук і Яўген Дудкін дэ-факта выключылі сябе са складу аргкамітэта “Беларускай хрысціянскай дэмакратыі” і не могуць з’яўляцца прадстаўнікамі яго ў адносінах з трэцімі суб’ектамі.

Мы заклікаем калег, якія знаходзяцца на дадзены момант на эміграцыі да адказнасці, супрацоўніцтва і канструктыўнай працы на карысць Беларусі і беларусаў. Упэўненыя, што ў найбліжэйшай будучыні, адразу пасля вызвалення Паўла Севярынца і іншых хрысціянскіх дэмакратаў кінутых турмы – хрысціянскія дэмакраты змогуць правесці чарговы ўстаноўчы з’езд БХД у свабоднай Беларусі.

Заклікаем усіх хрысціянскіх дэмакратаў аб’ядноўвацца для сумесных дзеянняў для найхутчэйшага вызвалення палітвязняў, дасягненню дэмакратыі ў нашай краіне і працаваць на агульныя мэты – падтрымка палітычных зняволеных у Беларусі і адстойвання дэмакратыі і свабоды ў нашай краіне!

Управа аргкамітэта “Беларускай хрысціянскай дэмакратыі”

03.05.2023

Болей навін