Маці Паўла Севярынца расказала, што чуваць ад яе сына з няволі

26 ліпеня 2023 01:01  |  Галоўныя навіны Новости БХД

У размове з «Народнай Воляй» Таццяна Севярынец адзначыла, што ад Паўла ўжо пачалі прыходзіць лісты з Гарадзенскай турмы №1, куды яго этапавалі са шклоўскай калоніі:

 

«Спачатку адразу тры лісты атрымала, пасля чаго больш за тыдзень нічога не было. Затым адразу сем лістоў дайшлі да мяне, і праз час яшчэ адзін дайшоў. Я запісваю нумары паштовак, таму бачу, што аб’явіліся нават тыя лісты, якія лічыліся зніклымі.

 

Яшчэ мяне здзівіла, што на адным лісце сын указвае адзін нумар камеры ў Гарадзенскай турме, у другім – іншы, у трэцім – трэці. Не ведаю, што там адбываецца, магчыма, сына перакідваюць з камеры ў камеру».

 

Спадарыня Таццяна кажа, што яе сын трымаецца добра, аднак шмат з таго, што адбываецца за кратамі, расказаць у лістах не можа – не прапусціць цэнзура. Нельга пра гэта казаць і падчас асабістых спатканняў:

 

«Паша трымаецца, усім прывітанне перадае. Усё разумее і ўсё ведае. А калі пра нешта і не ведае, то здагадваецца, як яно павінна быць. Сын – чалавек вельмі адукаваны.

 

Паведамляе коратка: “Дзякуй Богу, у мяне ўсё добра”. Натуральна, што ніякія падрабязнасці свайго знаходжання ў турме не можа напісаць, цэнзура гэта проста не прапусціць на волю. Пра тое стала зразумела ўжо даўно.

 

Напрыклад, калі я была на кароткатэрміновай сустрэчы з сынам у калоніі, то запытала ў яго: “Дзетанька, распавядзі, як ты тут?” У адказ Паша толькі паматляў у бакі галавой, маўляў, нельга пра гэта».

 

Павел Севярынец у няволі працягвае маляваць. Напрыклад, намаляваў партрэт пляменніцы, а таксама працягвае дасылаць малюнкі сыну Францішку.

Болей навін