Прэс-рэліз Беларускай хрысціянскай дэмакратыі
21 чэрвеня 2025 г.
Яны на волі. Мы змагаемся далей
Сёння, 21 чэрвеня 2025 года, у выніку візіту спецыяльнага прадстаўніка ЗША Кіта Келага ў Мінск, улады Беларусі вызвалілі 14 палітычных зняволеных.
Беларускія хрысціянскія дэмакраты вітаюць на волі гэтых мужных людзей, якія з годнасцю прайшлі праз гады катаванняў, прыніжэнняў і несправядлівасці з боку рэжыму:
1. Сяргей Ціханоўскі — блогер і лідар апазіцыі
2. Наталля Дуліна — былы дацэнт БДЛУ
3. Ігар Карней — журналіст «Радыё Свабода»
4. Галіна Краснянская — 69-гадовая грамадзянка Беларусі і Швецыі
5. Акіхіра Гаеўскі-Ханада — анархісцкі актывіст
6. Кірыл Балахонаў — прадстаўнік «Саюза беларускага нацыянальнага шчыта»
7. Сяргей Шэлег — прадпрымальнік
8. Алан Рой — грамадзянін Эстоніі
(І яшчэ 6 чалавек, імёны якіх удакладняюцца.)
Гэта — важны крок. Гэта — сапраўды радасная падзея. Мы верым, што воля, мужнасць і вера гэтых людзей набліжаюць нашую агульную перамогу.
Але разам з тым мы нагадваем: у Беларусі за кратамі застаюцца тысячы палітвязняў. У апошнія месяцы рэжым актыўна запускае новыя палітычныя справы, масава кідае людзей у вязніцы, працягвае практыку катаванняў і маральнага знішчэння.
Мы патрабуем неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных без выключэння. У тым ліку, канечне, нашых лідараў — Паўла Севярынца, Змітра Дашкевіча — і іншых нашых герояў, якія нязломна трымаюцца за кратамі і застаюцца голасам свабоды нават у ізаляцыі.
Вызваленне, якое суправаджаецца прымусовай дэпартацыяй з уласнай краіны, — гэта яшчэ адзін злачынны акт. Гэта абраза для ўсіх беларусаў. Ніхто не мае права выганяць людзей з іх дома.
Беларусь — гэта не прыватная ўласнасць дыктатара і яго слуг. Беларусь — гэта наш агульны дом. Дом для кожнага беларуса, незалежна ад перакананняў, мовы, веравызнання ці месца жыхарства.
Мы верым. Мы ведаем. Беларусь будзе вольнай. Палітвязні выйдуць на волю.
Жыве Беларусь!