Прынята канцэпцыя еўраінтэграцыі Беларусі як стратэгія развіцця і бяспекі
Хрысціянскія дэмакраты прынялі канцэпцыю «Еўраінтэграцыя Беларусі: стратэгія развіцця і бяспекі». Дакумент прапануе стратэгічнае бачанне еўрапейскага курсу Беларусі як асновы для дэмакратычных пераўтварэнняў, эканамічнай мадэрнізацыі, умацавання нацыянальнай бяспекі і вяртання краіны ў еўрапейскую культурную і каштоўнасную прастору.
У канцэпцыі адзначаецца, што еўраінтэграцыя для Беларусі — гэта не толькі знешнепалітычны выбар, але і інструмент унутранага аднаўлення дзяржавы. Сярод ключавых напрамкаў дакумента — пабудова прававой дзяржавы, судовая і антыкарупцыйная рэформы, дэцэнтралізацыя, развіццё самакіравання, сацыяльна-рыначная эканоміка, падтрымка малога і сярэдняга бізнесу, развіццё чалавечага капіталу і стварэнне ўмоў для вяртання беларусаў з эміграцыі.
Асобная ўвага ў дакуменце надаецца пытанням нацыянальнай і рэгіянальнай бяспекі. Аўтары канцэпцыі падкрэсліваюць, што еўрапейскі курс павінен спрыяць аслабленню залежнасці Беларусі ад Расіі, аднаўленню паўнавартаснага суверэнітэту, мадэрнізацыі сістэмы бяспекі і развіццю супрацоўніцтва з еўрапейскімі і еўраатлантычнымі структурамі.
Канцэпцыя таксама абгрунтоўвае гістарычную і культурную прыналежнасць Беларусі да еўрапейскай цывілізацыі. У дакуменце згадваюцца традыцыі магдэбургскага права, прававая спадчына Статутаў Вялікага Княства Літоўскага, еўрапейская адукацыйная традыцыя і хрысціянска-дэмакратычныя каштоўнасці, якія сталі адной з асноваў сучаснай Еўропы.
У якасці практычнага арыенціру прапануецца дарожная карта еўраінтэграцыі на 10–15 гадоў. Яна прадугледжвае этап палітычнай стабілізацыі, інстытуцыйныя рэформы, гарманізацыю заканадаўства з еўрапейскімі стандартамі, сектаральную інтэграцыю з ЕС і далучэнне Беларусі да еўрапейскіх праграм у сферах адукацыі, навукі, рэгіянальнага развіцця, інфраструктуры і падтрымкі грамадзянскай супольнасці.
Сярод магчымых інструментаў супрацоўніцтва з Еўрапейскім Саюзам у дакуменце называюцца Horizon Europe, Erasmus+, TAIEX, Twinning, NDICI, а таксама праграмы падтрымкі рэгіянальнага развіцця і сацыяльнай палітыкі.
Аўтары канцэпцыі падкрэсліваюць, што еўраінтэграцыя Беларусі павінна разглядацца не як абстрактны геапалітычны лозунг, а як практычная стратэгія мадэрнізацыі краіны, павышэння дабрабыту грамадзян, умацавання незалежнасці і стварэння ўмоў для годнага жыцця наступных пакаленняў.




